Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/13/933946_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 21:07
13.12.2017 18:09 Палітыка

Старшыня руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч прапаноўвае ЦВК даць кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў эфір на тэлебачанні

Мінск, 13 снежня. Старшыня руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч прапанаваў Цэнтрвыбаркаму даць кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў эфір на тэлебачанні (выбары адбудзуцца 18 лютага 2018 года).

"На сёння магчымасці камунікацыі з выбаршчыкамі кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах моцна абмежаваныя, таму яны павінны мець магчымасць выступу на тэлебачанні", — заявіў Губарэвіч БелаПАН.

Заява ад палітыка, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Мінгарсавета, накіраваная ў ЦВК 13 снежня па электроннай пошце.

"Адзінае, на што могуць разлічваць кандыдаты, якія балатуюцца ў буйныя Мінскі гарадскі і абласныя саветы, — гэта выступ на радыё. Але папулярнасць гэтага сродку масавай інфармацыі штогод зніжаецца, асабліва тых станцый, якія на сёння гатовыя падаць час для выступаў", — сказаў Губарэвіч.

"Улічваючы вялікую колькасць кандыдатаў у мясцовыя саветы, прашу разгледзець магчымасць даць эфірны час для звароту да выбаршчыкаў тым, хто будзе балатавацца ў Мінскі гарадскі і абласныя саветы", — заявіў ён.

"Лічу, што Цэнтрвыбаркам наўпрост зацікаўлены ў забеспячэнні такога сродку камунікацыі з выбаршчыкамі дзеля павышэння іх інфармаванасці пра выбарчую кампанію і знаёмства з альтэрнатыўнай пазіцыяй кандыдатаў. Існаванне дзяржаўных тэлеканалаў за бюджэтныя грошы накладае на іх абавязак даць магчымасць для выступу кандыдатам бясплатна", — лічыць Губарэвіч.

У адпаведнасці з прынятай 12 снежня пастановай ЦВК, якая датычацца парадку выкарыстання дзяржаўных радыёвяшчальных СМІ для перадвыбарных выступленняў кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, кандыдат у дэпутаты абласнога, Мінскага гарадскога, раённага, гарадскога (горада абласнога падпарадкавання) савета дэпутатаў мае права на адзін бясплатны выступ па мясцовым радыё.

Час для выступленняў па радыё падаецца: кандыдатам у дэпутаты Мінскага гарадскога савета дэпутатаў — у эфіры радыёстанцыі "Радыё-Мінск"; кандыдатам у дэпутаты Мінскага абласнога савета дэпутатаў — у эфіры радыёстанцыі "Мінская хваля".

Эфірны час для выступаў па радыё кандыдатаў у дэпутаты падаецца па працоўных днях у перыяд з 22 студзеня па 12 лютага 2018 года. Пачатак трансляцыі выступаў у 18.00.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239