Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/15/934248_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:38
15.12.2017 13:19 Грамадства

Японія з 1 студзеня 2018 года спрашчае візавыя патрабаванні для грамадзян Беларусі

Мінск, 15 снежня. Японія з 1 студзеня 2018 года спрашчае візавыя патрабаванні для грамадзян Беларусі, паведамілі ў пасольстве гэтай краіны ў Беларусі.

"Дыпламатычныя адносіны паміж Японіяй і Рэспублікай Беларусь былі ўсталяваныя 26 студзеня 1992 года. У сувязі з гэтым сёлета з нагоды 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін былі вызначаныя меры па спрашчэнні візавых патрабаванняў для грамадзян Рэспублікі Беларусь (для ўладальнікаў звычайных пашпартоў). Гэтыя меры набываюць моц 1 студзеня 2018 года і закліканыя паслужыць умацаванню двухбаковых адносінаў, у тым ліку актывізацыі асабістых кантактаў", — адзначаецца ў паведамленні дыппрадстаўніцтва.

Так, пашыранае кола заяўнікаў, якія маюць права на атрыманне шматразовых кароткатэрміновых віз (знаходжанне не больш за 90 дзён) і плануюць наведаць Японію з дзелавымі мэтамі, а таксама для дзеячаў інтэлектуальнай працы і культуры.

Максімальны тэрмін дзеяння шматразовых кароткатэрміновых віз будзе павялічаны з трох да пяці гадоў.

Для заяўнікаў, якія самастойна аплачваюць паездку, ліквідуюцца гарантыйныя дакументы, што раней былі неабходныя для атрымання кароткатэрміновай візы.

"Мяркуецца, што з уваходжаннем у сілу вышэйпералічаных зменаў палепшацца ўмовы для бізнесменаў і турыстаў, а таксама павялічыцца колькасць грамадзян, што паўторна наведваюць Японію. Як следства, чакаецца актывізацыя кантактаў паміж грамадзянамі Японіі і Беларусі", — лічаць у пасольстве.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН