Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/15/934253_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2018 07:52
15.12.2017 13:01 Грамадства, Палітыка

Мінінфарм заблакаваў сайт "Беларускі партызан"

Мінск, 15 снежня. У паведамленні Міністэрства інфармацыі гаворыцца, што рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу belaruspartisan.org ("Беларускі партызан") было прынята 14 снежня.
"У межах ажыццяўлення кантролю за выкананнем заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 51-1 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" прынятае рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу belaruspartisan.org", — сказана ў паведамленні ведамства.

Рашэнне прынятае па выніках маніторынгу гэтага рэсурсу, які выявіў "сістэматычнае парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі". "На гэтым інфармацыйным рэсурсе, размешчаным за межамі нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы, у якіх утрымліваецца забароненая інфармацыя", — паведамляе Мінінфарм.

Ведамства звяртае ўвагу "ўсіх суб`ектаў інфармацыйнай сферы, у тым ліку прадстаўнікоў замежных СМІ, акрэдытаваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, на неабходнасць няўхільнага выканання заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі".

Пра праблемы з доступам да сайта "Беларускі партызан" інтэрнэт-карыстальнікі паведамлялі ўвечары 14 снежня. "Рэдакцыя "Беларускага партызана" праверыла сайт Міністэрства інфармацыі Беларусі: ніякіх папярэджанняў нам ніхто афіцыйна не выносіў, распараджэнняў аб блакаванні нашага сайта таксама няма, апавяшчэнняў на электронную пошту мы не атрымлівалі", — гаварылася ў вячэрнім рэдакцыйным паведамленні.

"Беларускі партызан" — незалежны інфармацыйны рэсурс, створаны беларускім журналістам Паўлам Шараметам, які трагічна загінуў у Кіеве летам 2016 года.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН