Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/15/934310_102058/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:51
15.12.2017 16:33 Грамадства

БАЖ: Блакаванне "Беларускага партызана" парушае прынцыпы свабоды слова

Мінск, 15 снежня. Блакаванне "Беларускага партызана" парушае прынцыпы свабоды слова, заявіў старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец.

"Першае, што варта адзначыць у сувязі з блакіроўкай сайта "Беларускі партызан", — гэта непразрыстасць прыняцця рашэння Міністэрствам інфармацыі, — адзначыў ён. — На дадзены момант мы не ведаем, якія менавіта матэрыялы сталі падставай для блакіроўкі сайта. Акрамя гэтага, мы не ведаем нават, які падпункт артыкула 38 закона аб СМІ парушыла рэдакцыя".

Пры гэтым Бастунец заўважыў, што гэты артыкул закона заканчваецца тым, што забараняе распаўсюджванне "інфармацыі, забароненай іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь".

Беларускую асацыяцыю журналістаў таксама абурае пазасудовы характар гэтага блакавання. "Атрымліваецца, што дзяржаўны орган сам праводзіць маніторынг і сваім рашэннем блакуе сайт выдання. Нават пры гэтым не папярэджваючы рэдакцыю", — адзначыў Бастунец.

На яго думку, "такая блакіроўка ярка дэманструе абмежавальны характар заканадаўства" і "злоўжыванні Міністэрствам інфармацыі сваімі паўнамоцтвамі".

Як паведамлялася, Мінінфарм заблакаваў сайт "Беларускі партызан" 14 снежня. "У межах ажыццяўлення кантролю за выкананнем заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 51-1 закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" прынятае рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу belaruspartisan.org", — паведаміла ведамства.

Пра праблемы з доступам да сайта "Беларускі партызан" інтэрнэт-карыстальнікі пачалі пісаць увечары 14 снежня. "Рэдакцыя "Беларускага партызана" праверыла сайт Міністэрства інфармацыі Беларусі: ніякіх папярэджанняў нам ніхто афіцыйна не выносіў, распараджэнняў аб блакаванні нашага сайта таксама няма, апавяшчэнняў на электронную пошту мы не атрымлівалі", — гаварылася ў вячэрнім рэдакцыйным паведамленні.

"Беларускі партызан" — незалежны інфармацыйны рэсурс, створаны беларускім журналістам Паўлам Шараметам, які трагічна загінуў у Кіеве летам 2016 года. Рэсурс быў створаны ў 2005 годзе, каб "абараніць права беларусаў на атрыманне незалежнай інфармацыі", паведамлялася на сайце. "Гэта не прапагандысцкі рэсурс. Мы не падтрымліваем нейкую адну палітычную сілу ці партыю. Мы даем магчымасць выказацца ўсім. Наша галоўная задача — максімальна дакладна і поўна расказаць людзям пра падзеі, што адбываюцца ў Беларусі", — паведамляла рэдакцыя "Беларускага партызана".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН