Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/15/934330_934338/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 09:41
15.12.2017 17:05 Грамадства

"Гавары праўду" выступае "рашуча супраць блакавання сайта "Беларускі партызан"

Мінск, 15 снежня. "Гавары праўду" выступае "рашуча супраць блакавання сайта "Беларускі партызан". Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай кампаніяй заяве, якую падпісалі сустаршыні Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч.

"Мы заклікаем Міністэрства інфармацыі і рэдакцыю сайта пачаць перамовы, каб адмяніць гэтае рашэнне", — сказана ў заяве.

Лідары кампаніі падкрэсліваюць, што блакаванне вядомага грамадска-палітычнага сайта "абмяжоўвае свабоду слова і магчымасць грамадзян Беларусі атрымліваць інфармацыю з розных крыніц, наносіць удар па іміджы Рэспублікі Беларусь і робіць інфармацыйнае поле яшчэ больш уразлівым для знешніх нападаў".

"Калі на сайце размешчаныя матэрыялы, якія супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі могуць паказаць на іх рэдакцыі сайта для таго, каб яны былі знятыя ў адпаведнасці з прававымі нормамі", — прапануюць Дзмітрыеў і Караткевіч.

Як паведамлялася, Мінінфарм заблакаваў сайт "Беларускі партызан" 14 снежня. "У межах ажыццяўлення кантролю за выкананнем заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 51-1 закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" прынятае рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу belaruspartisan.org", — паведаміла ведамства.

Пра праблемы з доступам да сайта "Беларускі партызан" інтэрнэт-карыстальнікі пачалі пісаць увечары 14 снежня. "Рэдакцыя "Беларускага партызана" праверыла сайт Міністэрства інфармацыі Беларусі: ніякіх папярэджанняў нам ніхто афіцыйна не выносіў, распараджэнняў аб блакаванні нашага сайта таксама няма, апавяшчэнняў на электронную пошту мы не атрымлівалі", — гаварылася ў вячэрнім рэдакцыйным паведамленні.

"Беларускі партызан" — незалежны інфармацыйны рэсурс, створаны беларускім журналістам Паўлам Шараметам, які трагічна загінуў у Кіеве летам 2016 года. Рэсурс быў створаны ў 2005 годзе, каб "абараніць права беларусаў на атрыманне незалежнай інфармацыі", паведамлялася на сайце. "Гэта не прапагандысцкі рэсурс. Мы не падтрымліваем нейкую адну палітычную сілу ці партыю. Мы даем магчымасць выказацца ўсім. Наша галоўная задача — максімальна дакладна і поўна расказаць людзям пра падзеі, што адбываюцца ў Беларусі", — паведамляла рэдакцыя "Беларускага партызана".
Марина Носова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН