Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/16/934424_934425/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 08:37
16.12.2017 15:27 Спорт

Беларускія фрыстайлісты заваявалі золата і серабро на першым этапе Кубка свету

Мінск, 16 снежня. Беларускія спартсмены заваявалі залатую і сярэбраную ўзнагароды на стартавым этапе Кубка свету па фрыстайле (лыжная акрабатыка) у Кітаі, што адбыўся 16 снежня ў гарналыжным цэнтры Secret Garden.

На вышэйшую прыступку п'едэстала ўзнялася Ганна Гуськова. У суперфінале яна атрымала ацэнку 74,82 бала і здолела апярэдзіць славутую кітаянку Ксю Ментаа, якая дапусціла памылку пры прызямленні і стала другой — 71,55 бала. Трэцяе месца заняла Эшлі Коўлдуэл з ЗША — 68,04 бала.

Для Гуськовай гэта перамога на этапе Кубка свету — першая ў кар'еры. Да гэтага лепшым яе дасягненнем была бронзавая ўзнагарода Кубка свету ў студзені 2015 года.

Іншыя беларускія спартсменкі паказалі наступныя вынікі: Аляксандра Раманоўская фінішавала чацвёртай — 63,80 бала; алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 Ала Цупер, якая вярнулася да актыўных выступленняў пасля нараджэння другога дзіцяці, заняла сёмае месца.

У мужчынскай частцы праграмы серабро заваяваў беларус Максім Гусцік. У суперфінале, у які Гусцік кваліфікаваўся з другім вынікам, ён набраў 117,26 бала. Гусцік саступіў кітайцу Цзя Цаньяню, які атрымаў ацэнку ў 127,88 бала. Бронзавым прызёрам стаў Льюіс Ірвінг з Канады — 103,68 бала.

Іншыя беларускія спартсмены ў суперфінал не прайшлі. Станіслаў Гладчанка заняў восьмае месца, Дзяніс Восіпаў — дзясятае, Арцём Башлакоў паказаў 24-ты вынік, Дзмітрый Мазуркевіч — 26-ты, Антон Кушнір завяршыў выступленне на стадыі кваліфікацыі на 27-й пазіцыі.

Другі этап Кубка свету адбудзецца 17 снежня таксама ў Кітаі. Галоўным стартам у сезоне для беларускіх фрыстайлістаў стануць зімовыя Алімпійскія гульні-2018 у Пхенчхане. Спаборніцтвы ў лыжнай акрабатыцы пройдуць з 15 па 18 лютага.
Аляксандр Ванковіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239