Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/16/934429_934430/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 22:48
16.12.2017 15:55 Грамадства, Эканоміка

Супрацоўнікі Дзяржкамітэта судовых экспертыз высвятляюць акалічнасці сутыкнення юнібуса з пагрузчыкам на тэрыторыі "ЭкаТэхнаПарку"

Мінск, 16 снежня. Супрацоўнікі ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці сумесна з супрацоўнікамі ЗАТ "Струнныя тэхналогіі" высвятляюць акалічнасці сутыкнення юнібуса з пагрузчыкам на тэрыторыі "ЭкаТэхнаПарку" пад Мар'інай Горкай.

Як паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі ЗАТ "Струнныя тэхналогіі", няшчасны выпадак адбыўся на тэрыторыі "ЭкаТэхнаПарку" днём 15 снежня, у светлы час сутак. У працэсе правядзення хадавых выпрабаванняў рухомага саставу SkyWay на маршрут руху юнібуса (доследны ўзор 14-мясцовага транспартнага сродку для гарадскіх пасажырскіх перавозак) выехаў экскаватар-пагрузчык. Адбылося сутыкненне. У выніку інцыдэнту пацярпелі тры чалавекі. Кіроўца пагрузчыка ў цяжкім стане дастаўлены ў бальніцу.

Аб тым, што здарылася, неадкладна былі апавешчаны прадстаўнікі праваахоўных органаў, на месца выкліканая брыгада хуткай дапамогі.

У "Струнных тэхналогіях" адзначаюць, што на прадпрыемстве распрацаваная і ўкаранёная інструкцыя па выкананні патрабаванняў бяспекі пры правядзенні выпрабаванняў вырабаў рухомага саставу. Усе супрацоўнікі праходзяць інструктаж па тэхніцы бяспекі пры прыёме на працу і пры выкананні ўсіх пастаўленых кіраўніцтвам задач, у адпаведнасці з іх спецыфікай.

Прадметам выпрабавання юнібуса выступалі падвеска і плаўнасць ходу транспартнага сродку. Паводле папярэдніх дадзеных, прычыны няшчаснага выпадку насілі знешні характар і не былі звязаны з уласцівасцямі транспартных сістэм, якія выпрабоўваліся, адзначылі на прадпрыемстве.

Паводле апошняй інфармацыі, стан кіроўцы стабілізаваўся, ён прыйшоў у прытомнасць. Кіраўніцтва кампаніі падтрымлівае кантакт з сям'ёй пацярпелага.

ЗАТ "Струнныя тэхналогіі" — інжынірынгавая кампанія, якая займаецца праектаваннем, будаўніцтвам і сертыфікацыяй высакахуткасных (да 500 км/г), гарадскіх і грузавых транспартных сістэм SkyWay.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239