Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/16/eu_eu_934432_934433/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 10:14
16.12.2017 16:35 Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Брытанская Perkins Engines павялічыць пастаўкі рухавікоў для "Амкадора", што дапаможа яму выйсці на рынак Еўрасаюза

Мінск, 16 снежня. У рамках візіту ў Беларусь дэлегацыі Асацыяцыі вытворцаў будаўнічага абсталявання Вялікабрытаніі холдынг "Амкадор" і брытанскі вытворца Perkins Engines падпісалі пратакол аб намерах па пастаўках рухавікоў.

Як паведамляе прэс-служба "Амкадора", брытанскі вытворца гатовы пашырыць пастаўку дызельных рухавікоў для машын беларускай вытворчасці, што дапаможа холдынгу "Амкадор" выйсці на рынак спецтэхнікі Еўрасаюза.

Як растлумачылі ў холдынгу, "Амкадор" традыцыйна камплектуе свае спецыяльныя машыны рухавікамі вытворчасці Мінскага маторнага завода, якія дзякуючы надзейнасці і высокай прадукцыйнасці карыстаюцца папулярнасцю ў спажыўцоў у краінах СНД і блізкага замежжа. Аднак адна з задач, якія вырашае сёння "Амкадор", выхад на рынкі Еўрапейскага саюза. Гэта патрабуе камплектацыі машын рухавікамі экалагічнага класа Stage 4 і вышэй. Гэтым патрабаванням адпавядаюць дызельныя маторы кампаніі Perkins Engines, якія плануецца ўстанаўліваць на лесанарыхтоўчую, дарожна-будаўнічую тэхніку, пагрузчыкі, а таксама іншыя аўтамабілі, прызначаныя для продажу на тэрыторыі Еўрасаюза. Perkins Engines з гэтай мэтай ужо паставіла рухавікі для васьмі розных машын маркі "Амкадор". Далейшае супрацоўніцтва будзе залежаць ад рэальнага продажу на рынку ЕС.

Perkins Engines Company Limited — даччыная кампанія Caterpillar Inc. — створана ў Пітэрбора ў 1932 годзе. З'яўляецца вытворцам дызельных і газавых рухавікоў магутнасцю да 2.800 к.с. для некалькіх рынкаў, уключаючы сельскагаспадарчыя, будаўнічыя, складскія, энергетычныя і прамысловыя. Яе вытворчыя магутнасці дазваляюць выпускаць да 800.000 рухавікоў у год. Самым буйным заказчыкам гэтых рухавікоў з'яўляецца кампанія Caterpillar, на долю якой прыпадае каля 30% аб'ёму продажу.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239