Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/18/934498_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 08:39
18.12.2017 09:44 Эканоміка, Фінансы

Правалам года эксперты лічаць адсутнасць рэформы дзяржсектара

Мінск, 18 снежня. Адсутнасць зрухаў у кірунку рэфармавання дзяржсектара — галоўны правал эканамічнай палітыкі ўладаў у 2017 годзе. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы эканамічныя вынікі года.
На іх думку, асноўныя станоўчыя вынікі года ў эканамічнай сферы звязаныя з манетарнай палітыкай.

"Станоўчыя вынікі 2017 года, на мой погляд, звязаныя з дзейнасцю Нацбанка, якому дзякуючы цвёрдай грашова-крэдытнай палітыцы ўдалося знізіць інфляцыю да гістарычнага мінімуму", — зазначыла ў каментары БелаПАН навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

Адначасова з гэтым насцярожваюць спробы адміністрацыйнага рэгулявання зарплат, імкненне іх павысіць што б там ні было, падкрэсліла ў каментары БелаПАН акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

"Галоўны правал з пункту гледжання эканамічных вынікаў года — адсутнасць рашэнняў, якія павінны быць прыняты. У прыватнасці, у 2017 годзе не было зроблена ні аднаго сур'ёзнага кроку ў кірунку рэфармавання сектара дзяржпрадпрыемстваў. Мы не ўбачылі ніякіх вынікаў не толькі па пытанні прыватызацыі, але і па тэме рэфармавання сістэмы карпаратыўнага кіравання дзяржсектарам", — канстатавала Барнукова.

Рэформы, на яе думку, не ўяўляюцца ўладам тэрміновай задачай, "і гэта наводзіць на думку, што і ў наступным годзе ніякіх сур'ёзных зменаў у кірунку рэфармавання дзяржсектара мы не ўбачым". "Такі падыход небяспечны тым, што павольныя тэмпы эканамічнага росту стануць хранічнымі для краіны", — лічыць Кацярына Барнукова.

Эксперты мяркуюць, што аднаўленне беларускай эканомікі ў 2017 годзе носіць шмат у чым кан'юнктурны характар.

"Праўду кажучы, аднаўленне беларускай эканомікі сёлета абумоўленае шмат у чым спрыяльнай знешняй кан'юнктурай. Пры гэтым ўнутраных структурных змен, якія б дазволілі павысіць патэнцыял нацыянальнай эканомікі, мы практычна не ўбачылі", — падкрэсліў у каментары БелаПАН старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец.

У прыватнасці, удакладніў ён, пытанне "ўтылізацыі" неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў, якія паглынаюць рэсурсы і ніколі не стануць прыбытковымі, не вырашаецца. "Прыкметных крокаў у бок павышэння эфектыўнасці карпаратыўнага кіравання дзяржсектара пакуль таксама не зроблена", — канстатаваў Аляксандр Швец.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239