Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/18/934504_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 07:03
18.12.2017 10:31 Грамадства

Мінгарсуд пачаў разгляд справы беларускіх аўтараў расійскага Рэгнума

Мінск, 18 снежня. 18 снежня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс па справе беларускіх аўтараў Рэгнума і шэрагу іншых расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў, якія абвінавачваюцца ў распальванні нацыянальнай варожасці.
Суддзя — Ігар Любавіцкі. Дзяржабвінаваўца — прадстаўнік пракуратуры Мінска Аляксандр Кароль.

Працэс выклікаў вялікую цікавасць. Самая вялікая зала Мінгарсуда запоўненая цалкам, але патрапіць на слуханні ўдалося не ўсім. У зале некалькі дзясяткаў журналістаў, сваякі абвінавачаных, праваабаронцы, прадстаўнікі левапатрыятычнага руху "Адзінства".

Працэс, прызначаны на 10.00, пачаўся са спазненнем: усіх ахвотных патрапіць у залу прымусілі прайсці праз рамку металадэтэктара і абшукалі.

Следства па справе выкладчыка БДУІР Юрыя Паўлаўца (публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў), вартаўніка з Брэста Дзмітрыя Алімкіна (псеўданім Ала Бронь), мінчаніна Сяргея Шыпценкі (псеўданім Артур Грыгор'еў) вялося амаль год. Яны былі затрыманыя ў снежні 2016 года.

Усе трое абвінавачваюцца па ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці, здзейсненае групай асоб). Акрамя таго, Паўлаўцу і Шыпценку выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць).

У справе ёсць яшчэ адзін фігурант — Юрый Баранчык, грамадзянін Беларусі, шэф-рэдактар Рэгнума. Яму завочна выстаўленае абвінавачанне па ч. 3 арт. 130 КК, завочна абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, ён абвешчаны ў міждзяржаўны вышук, хоць вядома, што знаходзіцца ў Расіі.

У справе Рэгнума 17 тамоў.

Як раней распавядала БелаПАН жонка аднаго з абвінавачаных Любоў Паўлавец, незалежныя экспертызы яго публікацый, праведзеныя падчас следства, не выявілі ў іх экстрэмізму, прыкмет распальвання расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці.

Паводле яе слоў, правядзенне незалежных экспертыз было ініцыяванае абаронай Паўлаўца і яго сваякамі. Даследаванні выконваліся ў Маскве і Рызе. Экспертызы праводзілі доктар філалагічных і доктар юрыдычных навук Алена Галяшына і прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі незалежных экспертаў, спецыяліст у галіне тэксталагічных, лінгвістычных, аўдыёвізуальных даследаванняў Мікалай Гуданец.

Акрамя таго, Любоў Паўлавец распавяла, што ўдалося звязацца з адным з аўтараў расійскай "Методыкі правядзення судовай псіхолага-лінгвістычнай экспертызы матэрыялаў па справах, звязаных з процідзеяннем экстрэмізму і тэрарызму", якой, як высветлілі сваякі абвінавачанага, карысталіся беларускія эксперты. Ад доктара філалагічных навук, прафесара кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава Вольгі Кукушкінай таксама атрымалі заключэнне аб адсутнасці экстрэмізму ў публікацыях Паўлаўца.

Напярэдадні суда Любоў Паўлавец распаўсюдзіла адкрыты зварот, у якім паведаміла, што справа інспіраваная Міністэрствам інфармацыі, а заяву ў дачыненні да публікацый Паўлаўца напісала ў Следчы камітэт былы міністр Лілія Ананіч.

МЗС Расіі 26 кастрычніка заклікала беларускі бок "максімальна адказна" падыходзіць да разгляду крымінальнай справы аўтараў Рэгнума, "у строгай адпаведнасці з узятымі на сябе Беларуссю абавязацельствамі, перш за ўсё ў плане захавання свабоды выказвання меркаванняў".

У пачатку лістапада беларускія праваабарончыя арганізацыі заклікалі ўлады правесці "адкрыты і справядлівы суд" над беларускімі аўтарамі расійскага рэсурсу Рэгнум Юрыем Паўлаўцом, Дзмітрыем Алімкіным і Сяргеем Шыпценкам. Адпаведную заяву падпісалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт і закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна".

"Гэта крымінальная справа атрымала шырокі грамадскі рэзананс, — адзначаецца ў заяве праваабаронцаў. — Між тым афіцыйная інфармацыя пра справу (напрыклад, якія менавіта артыкулы і выказванні кожнага з абвінавачаных паслужылі прычынай для распачынання крымінальнай справы, чаму гэтыя тры справы аб'яднаныя ў адну, што з'яўляецца прычынай абвінавачвання Паўлаўца і Шыпценкі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці) практычна адсутнічала або выклікала абгрунтаваныя сумневы".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН