Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/19/934742_934743/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 04:11
19.12.2017 15:28 Грамадства

Справа аб гібелі роўпджампера ў Мінску накіраваная ў суд

Мінск, 19 снежня. Крымінальная справа аб гібелі роўпджампера ў Мінску накіраваная ў суд, паведамляе Следчы камітэт Беларусі.

Расследаванне праводзілася ўпраўленнем СК па Мінску.

Устаноўлена, што 18 чэрвеня 2017 года арганізатар скачкоў на вяроўцы з вышыні 70 метраў не зафіксаваў на выцяжной трубе з тунэлем у прамысловай зоне па вуліцы Акадэміка Красіна ў сталіцы вяровачную канструкцыю і не ажыццяўляў пастаянны кантроль за бяспечнай яе эксплуатацыяй. Таксама не выкарыстоўваліся дадатковыя метады і сродкі "для прадухілення негатыўных наступстваў, у выніку чаго загінуў 27-гадовы жыхар Салігорска", гаворыцца ў паведамленні СК.

Там адзначаюць, што па родзе дзейнасці арганізатара скачкоў і наступствах гэтая крымінальная справа з'яўляецца беспрэцэдэнтнай. Яе расследаванне ажыццяўлялася ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі МНС, якія прыцягваліся для следчых дзеянняў.

Як паведамляе СК, высновы следства пацверджаны вынікамі аглядаў, пры правядзенні якіх праверана цэласнасць індывідуальнай страховачнай сістэмы і зафіксаваныя месцы мацавання альпінісцкіх тросаў (дзюбеляў), відэазапісаў камеры GoPro, квадракоптара, мабільнага тэлефона і паказаннямі сведак.

Абвінавачанне індывідуальнаму прадпрымальніку выстаўленае па ч. 1 арт. 144 КК (прычыненне смерці па неасцярожнасці). Віну сваю мужчына не прызнаў. "Выкарыстоўваючы свае спецыяльныя веды і навыкі, з мэтай пазбегнуць крымінальнай адказнасці, ён вылучаў розныя версіі таго, што адбылося, і ўтойваў спосабы і акалічнасці фіксацыі тых ці іншых вяровачных канструкцый. Ісціну следства ўстанаўлівала па аб'ектыўных дадзеных — запісах з квадракоптара, тэлефона, выніках эксперыменту і іншых", — паведамляе СК.

На падставе атрыманых звестак у ходзе следчага эксперыменту ўзноўленыя абстаноўка і акалічнасці падзення, у тым ліку з выкарыстаннем манекена.

У рамках працы па недапушчэнні гібелі грамадзян у выніку падобных да гэтага інцыдэнтаў УСК па Мінску ў дэпартамент па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці МНС унесена прапанова аб рэгламентацыі віду дзейнасці, звязанага з ажыццяўленнем скачкоў з вышыні на вяроўцы ў забаўляльных мэтах у цэлым па краіне, а таксама аб прыняцці мер да забеспячэння за ёй кантролю.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН