Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/19/934782_102546/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:22
19.12.2017 17:10 Эканоміка

Урад зацвердзіў дактрыну нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 года

Мінск, 19 снежня. Урад зацвердзіў дактрыну нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 года.

"Дакумент прыняты ў мэтах рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне арганізацыі нацыянальнай харчовай бяспекі, скіраванай на павышэнне забяспечанасці якаснымі прадуктамі харчавання і яго даступнасці для паўнавартаснага харчавання і здаровага спосабу жыцця насельніцтва шляхам развіцця канкурэнтаздольнай аграрнай вытворчасці і стварэння сацыяльна-эканамічных умоў для спажывання прадуктаў харчавання на рацыянальным узроўні", — паведамляе прэс-служба Савета міністраў.

Асноўнымі задачамі арганізацыі нацыянальнай харчовай бяспекі з'яўляюцца:

— устойлівае развіццё ўнутранай вытворчасці асноўных відаў сельгаспрадукцыі, сыравіны і харчавання, дастатковай для забеспячэння харчовай незалежнасці і рэалізацыі экспартнага патэнцыялу АПК;

— дасягненне высокага ўзроўню фізічнай і эканамічнай даступнасці для насельніцтва бяспечных і якасных харчовых прадуктаў у неабходных аб'ёмах і асартыменце;

— своечасовае выяўленне, ацэнка, прагназаванне і апераджэнне ўнутраных і знешніх пагроз харчовай бяспецы, мінімізацыя іх негатыўнага ўплыву;

— фармаванне культуры харчавання насельніцтва і высокага ўзроўню слушнасці насельніцтва ў харчовай сферы.

Дактрына вызначае галоўныя крытэрыі дасягнення мэтаў па развіцці нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 года. Да такіх крытэрыяў аднесенае, у прыватнасці, устойлівае развіццё і павышэнне эфектыўнасці АПК за кошт дасягнення аб'ёмаў і структуры вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, якія дазваляюць збалансаваць попыт і прапанову па найважнейшых відах сельгаспрадукцыі, сыравіны і харчавання, а таксама забеспячэння бясстратнасці сельскай гаспадаркі. Рост рэнтабельнасці продажу да 2030 года запланаваны на 11—13%. Долю сельскагаспадарчых зямель, якія выкарыстоўваюцца для атрымання арганічнай прадукцыі, у агульнай плошчы плануецца павялічыць да 3%.

Для насычэння ўнутранага рынку якаснымі прадуктамі харчавання айчыннай вытворчасці прадугледжана забяспечыць дастатковы ўзровень эканамічнай даступнасці прадуктаў харчавання для насельніцтва. Гэтага мяркуецца дасягнуць за кошт росту рэальных грашовых даходаў у 1,15—1,27 разу да 2020 года і ў 1,14—1,24 разу — да 2030-га. Плануецца, што аптымальны ўзровень выдаткаў на харчаванне ў структуры спажывецкіх выдаткаў насельніцтва блізу 2020 года вырасце да 35%, блізу 2030 года — да 33%.

Сярод асноўных крытэрыяў таксама павышэнне эфектыўнасці знешняга гандлю сельгаспрадукцыяй і харчаваннем. Дасягнуць гэтага неабходна за кошт развіцця экспартнага патэнцыялу і павелічэння долі экспарту ў кошце вырабленай сельгаспрадукцыі, сыравіны і харчавання да 40% блізу 2020 года і да 45% — блізу 2030-га.

Імпартны складнік у выдатках на вытворчасць сельгаспрадукцыі, сыравіны і харчавання плануецца знізіць да 20—22% блізу 2020 года і да 18—20% — блізу 2030-га. Зніжэнне долі харчовых тавараў замежнай вытворчасці ў аб'ёме продажу арганізацый гандлю на ўнутраным рынку прадугледжанае на ўзроўні 15% да 2020 года і 14% — да 2030-га.

"Рэалізацыя асноўных палажэнняў дактрыны дасць магчымасць павысіць узровень харчовай бяспекі да аптымістычнага па найважнейшых складніках: фізічная даступнасць — на 10%, якасць харчавання насельніцтва — на 25% за кошт удасканалення структуры спажывання і павелічэння ў рацыёне ўдзельнай вагі прадуктаў здаровага харчавання і арганічнай прадукцыі", — адзначае прэс-служба Саўміна.

Дактрына нацыянальнай харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь да 2030 года зацверджаная пастановай Савета міністраў № 962 ад 15 снежня 2017 года.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239