Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/19/934818_440125/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2019 21:27
19.12.2017 20:51 Палітыка, Грамадства

Партыя БНФ падала дакументы на рэгістрацыю 30 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў

Мінск, 19 снежня. Партыя БНФ падала дакументы на рэгістрацыю 30 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, выбары якіх адбудуцца 18 лютага 2018 года.

Члены Партыі БНФ вылучаюцца ў саветы рознага ўзроўню ва ўсіх рэгіёнах краіны, паведамляе яе прэс-служба. Пададзеныя дакументы на рэгістрацыю трох ініцыятыўных групы па вылучэнні кандыдатаў у Мінгарсавет, сем ініцыятыўных груп — у абласныя саветы, 15 — у раённыя і гарадскія саветы, пяць — у саветы сельскага ўзроўню.

Адмоў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп, паведаміў намеснік старшыні Партыі БНФ Зміцер Салошкін, не зафіксавана. "У адным выпадку пры падачы дакументаў былі выяўленыя недакладнасці, і патэнцыйны кандыдат адмовіўся ад вылучэння шляхам збору подпісаў. Ён будзе вылучаны кандыдатам ад партыі", — сказаў ён.

Салошкін паведаміў, што хоць збор подпісаў доўжыцца да 8 студзеня наступнага года, некаторыя кандыдаты ўжо сабралі неабходную колькасць подпісаў. Напрыклад, ужо пададзеныя подпісы разам з іншымі неабходнымі дакументамі для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Каладзішчанскага сельскага савета Ільі Дабратвора. Пры гэтым ініцыятыўная група Дабратвора працягвае пікеты па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння яшчэ ў Мінскі абласны і Мінскі раённы саветы.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў будзе праводзіцца адпаведнай тэрытарыяльнай, акруговай камісіяй з 9 па 18 студзеня 2018 года.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН