Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/19/934824_996325/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:57
19.12.2017 21:25 Эканоміка, Грамадства

Нацыянальны аэрапорт Мінск упершыню за сваю гісторыю абслужыў чатырохмільённага пасажыра з пачатку года

Мінск, 19 снежня. У нацыянальным аэрапорце Мінск 19 снежня сустрэлі юбілейнага — чатырохмільённага — пасажыра з пачатку 2017 года. Ім стаў мінчанін, які прыбыў з Санкт-Пецярбурга рэйсам В2-940 авіякампаніі "Белавія". Як высветлілася, ён працуе ў сферы медыцыны і вельмі часта лятае цераз нацыянальны аэрапорт, яго пералёт з Пецярбурга быў 205-м па ліку, паведамілі ў аэрапорце.

"Сустрэча чатырохмільённага пасажыра — значная падзея ў вытворчай дзейнасці аэрапорта, паказчык стабільнасці працы прадпрыемства. Сёлета адзнаку ў 4 млн па пасажырапатоку мы дасягнулі ўпершыню за гісторыю аэрапорта. Гэта сведчыць аб пазітыўнай дынаміцы авіяперавозак у Беларусі ў 2017 годзе", — адзначыў падчас урачыстай сустрэчы юбілейнага пасажыра генеральны дырэктар РУП "Нацыянальны аэрапорт Мінск" Дзмітрый Мелікян.

Упершыню мільённы пасажыр у нацыянальным аэрапорце быў абслужаны 25 снежня 2008 года, у 2013 годзе — урачыста сустракалі двухмільённага пасажыра. 10 лістапада 2016 года, упершыню ў гісторыі грамадзянскай авіяцыі Беларусі, нацыянальны аэрапорт сустрэў свайго трохмільённага пасажыра за каляндарны год.

У 2016 годзе нацыянальны аэрапорт Мінск атрымаў статус хаба дзякуючы транзітным перавозках паміж Расіяй і Украінай, прамыя авіязносіны паміж якімі зараз не ажыццяўляюцца.

РУП "Нацыянальны аэрапорт Мінск" — першы міжнародны аэрапорт Беларусі, сертыфікаваны ў адпаведнасці з міжнародным стандартам ISO 9001 комплексна па ўсіх напрамках дзейнасці. Тут грунтуюцца авіякампанія "Белавія", а таксама грузавыя авіяперавозчыкі "Трансавіяэкспарт", "Рубістар" і "Генекс". Аэрапорт быў уведзены ў эксплуатацыю больш за 30 гадоў таму і з'яўляецца асноўным паветраным портам краіны, цераз які выконваецца да 97% пасажырскіх і грузавых авіяперавозак.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН