Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/20/934853_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 11:59
20.12.2017 11:16 Эканоміка, Грамадства

Вакульчык: За апошнія тры гады КДБ раскрыта больш за 1.600 карупцыйных злачынстваў

Мінск, 20 снежня. За апошнія тры гады Камітэтам дзяржбяспекі Беларусі раскрыта больш за 1.600 карупцыйных злачынстваў, паведаміў старшыня КДБ Валерый Вакульчык у інтэрв'ю газеце "Советская Белоруссия", апублікаваным 20 снежня.

Пры гэтым ён заўважыў, што камітэтам расследуюцца "толькі самыя сур'ёзныя, рэзанансныя, значныя" карупцыйныя злачынствы: "менш за траціну да суда расследавалася намі". "Усе астатнія справы яшчэ на стадыі дазнання былі перададзеныя ў іншыя праваахоўныя органы. Але калі гаворка заходзіць пра сур'ёзныя злачынствы... Напрыклад, не так даўно самы буйны ў гісторыі краіны хабар — 5 мільёнаў долараў — быў спынены камітэтам, прычым усе гэтыя грошы канфіскаваныя. Мы вельмі актыўна праводзім работу па кампенсацыі нанесенай дзяржаве шкоды. І ў гэтай справе сумленна адпрацоўваем свой хлеб: за мінулыя тры гады Камітэт вярнуў у казну больш, чым дзяржава выдаткавала на ўтрыманне супрацоўнікаў", — падкрэсліў Вакульчык.

"Эканамічная бяспека — адзін са складнікаў нацыянальнай бяспекі, — падкрэсліў кіраўнік КДБ. — Таму, вядома ж, барацьба з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі — таксама наша справа. Бо тут ізноў узнікае аспект аховы асобы, чалавека, на гэты раз — ад замахаў карумпаваных чыноўнікаў , прадпрымальнікаў і звязаных з імі асоб. Таму што яны сваімі дзеяннямі наносяць шкоду не толькі дзяржаве, але кожнаму канкрэтнаму грамадзяніну. Тыя грошы, якія павінны былі пайсці на будаўніцтва дарог, бальніц, школ, на выплату пенсій і дапамог, хтосьці ўзяў і прыкарманіў. Ці паспрабаваў гэта зрабіць. У супрацьдзеянне гэтаму ў нас з'явіліся свае метады і напрацоўкі".

Вакульчык таксама звярнуў увагу на тое, што менавіта КДБ першым пачаў рэалізоўваць на практыцы палажэнні артыкула 88-прым Крымінальнага кодэкса — "вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з дзейным раскаяннем". "Напрыклад, бізнесмен, і гэта зразумела, хоча як мага больш зарабіць. Захапіўшыся пагоняй за прыбыткам, ён дзесьці пераступіў закон. Сказаць, што ён пасля гэтага ператвараецца ў ворага дзяржавы і павінен адназначна сесці ў турму — гэта, на мой погляд, няправільна. Я глыбока перакананы, што значна важней пакрыць шкоду, прычыненую дзеяннямі такога чалавека, і даць яму магчымасць працягнуць працаваць сумленна", — сказаў Вакульчык.

"Мэта камітэта - не распачынанне крымінальнай справы, а папярэджанне, выяўленне і спыненне праблем у значных сферах эканомікі, здольных уплываць на нацыянальную бяспеку. Крымінальная справа — гэта ўсяго толькі адна з форм работы, сродак дасягнення згаданай мной мэты", — падкрэсліў Вакульчык.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН