Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/20/934860_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:41
20.12.2017 11:31 Эканоміка

Сямашка: Нам удалося на працягу года змяніць сітуацыю ў эканоміцы

Мінск, 20 снежня. 2017 год з'яўляецца пераломным для беларускай эканомікі, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка 20 снежня на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.
"Гэты год з'яўляецца пераломным у плане выканання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2016—2020 гадах. Нам удалося на працягу года змяніць сітуацыю, і можна сказаць, што паступальны рух будзе працягнуты. За 10 месяцаў 2017 года ВУП дэманструе ўпэўнены рост — 102, 2%. Асноўны ўклад у фарміраванне ВУП унесла прамысловасць, якая, як гэта было ва ўсе папярэднія гады, з'яўляецца лакаматывам нашай эканомікі", — падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Па выніках студзеня—лістапада, зазначыў Сямашка, рост у прамысловасці склаў 6,2%. Гэта, паводле яго слоў, высокі паказчык у параўнанні з суседнімі краінамі: у Расіі ў студзені—кастрычніку рост склаў 1,6%, ва Украіне — знізіўся на 0,2%.

Сямашка ўдакладніў, што рост дэманструюць 11 з 13 галін беларускай эканомікі. "З найбольшай аддачай працуюць мадэрнізаваныя галіны, якія працуюць на айчыннай сыравіннай базе. Гэта перш за ўсё дрэваапрацоўка — рост на 19,3%, цэлюлозна-папяровая прамысловасць, лёгкая прамысловасць, вытворчасць будматэрыялаў і машынабудаванне", — удакладніў віцэ-прэм'ер.

2017 год "дазволіць выйсці, як цяпер модна казаць, на трэнд і паспяхова завяршыць пяцігодку да 2020 года", лічыць Сямашка.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239