Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/20/934880_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2019 20:39
20.12.2017 13:32 Грамадства

Вакульчык: У Беларусі з'явілася ўласная шыфравальная апаратура, якая дазваляе комплексна вырашаць задачы па забеспячэнні бяспекі інфармацыі

Мінск, 20 снежня. У Беларусі з'явілася ўласная шыфравальная апаратура, якая дазваляе комплексна вырашаць задачы па забеспячэнні бяспекі інфармацыі. Пра гэта заявіў старшыня КДБ Валерый Вакульчык у інтэрв'ю газеце "Советская Белоруссия", адказваючы на пытанне аб школе ўрадавай сувязі.

Адзначыўшы сам факт з'яўлення ў Беларусі сваёй школы ўрадавай сувязі, Вакульчык падкрэсліў: "Урадавая сувязь — важны складнік кіравання дзяржавай, і яе развіццё, зразумела, не стаіць на месцы".

"За мінулы час створаныя айчынныя ўзоры сродкаў сувязі ў абароненым выкананні. Як было раней, яшчэ чатыры гады таму? Мы закуплялі гэта абсталяванне за мяжой, што несла адмоўны эканамічны эфект: каштуе такая апаратура досыць дорага, — расказаў кіраўнік КДБ. — Зараз жа ў нас вырабляецца ўся лінейка абсталявання, ад сучасных тэлефонных апаратаў да лічбавых пультаў урадавай сувязі. І самае галоўнае — у нас з'явілася нацыянальная шыфравальная апаратура, якая дазваляе комплексна вырашаць задачы бяспекі інфармацыі. А гэта з'яўляецца, акрамя чыста тэхнічнага дасягнення, адным з элементаў суверэнітэту краіны".

"Усе гэтыя праекты па распрацоўцы, стварэнні і вытворчасці шыфравальнай тэхнікі ажыццяўляюцца выключна сіламі айчынных прадпрыемстваў, з'яўляюцца прадуктам нашай навукова-тэхнічнай школы", — падкрэсліў Вакульчык.

"Дарэчы, зараз завяршаюцца выпрабаванні беларускага смартфона з крыптамодулем, які забяспечвае гарантаваную стойкасць перамоў. Па сутнасці справы, комплекс гэтых мерапрыемстваў дазволіў краіне ўвайсці ў вельмі абмежаваную колькасць сусветных дзяржаў, якія валодаюць суверэнітэтам у галіне крыптаграфічнай абароны інфармацыі", — сказаў кіраўнік КДБ.

Што тычыцца кадраў, здольных працаваць з такой тэхнікай, то, як адзначыў Вакульчык, "якраз сёлета адбыўся першы выпуск у школе крыптаграфіі, якая створаная сумесна КДБ і БДУ". "Дарэчы, навучальныя дапаможнікі для іх — таксама зусім не замежныя: у межах дзяржаўнай праграмы пры актыўным удзеле супрацоўнікаў Камітэта распрацаваныя навучальныя метадычныя комплексы па спецыяльных дысцыплінах прыкладной крыптаграфіі. Так што, ёсць свая школа — будзем яе ўдасканальваць", — дадаў Вакульчык.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН