Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/21/935080_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:49
21.12.2017 13:47 Грамадства

Затрыманы былы гендырэктар будаўнічай кампаніі "Тамбаз"

Мінск, 21 снежня. Затрыманы былы генеральны дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю "Тамбаз". У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа, паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю Беларусі (КДК).

"Падставай для распачынання крымінальнай справы з'явілася праверка, праведзеная работнікамі Камітэта дзяржаўнага кантролю і фінансавай міліцыі з выкарыстаннем інфармацыйна-аналітычных звестак дэпартамента фінансавага маніторынгу", — гаворыцца ў паведамленні.

Устаноўлена, што былы кіраўнік "Тамбаза" выдаткаваў сродкі, прызначаныя для фінансавання будаўніцтва двух жылых дамоў у межах вуліц Багдановіча — Амурскай — Тургенева — Тыражнай і Багдановіча — Корш-Сабліна — Тургенева — зав. Верхні, на выкананне абавязацельстваў кампаніі па будаўніцтве іншага жылога дома і на аплату будматэрыялаў, а таксама будаўніча-мантажных работ на іншых аб'ектах будаўніцтва. Сродкі былі прыцягнутыя пры дапамозе выпуску і рэалізацыі жыллёвых аблігацый.

У выніку "Тамбаз" не змог выканаць абавязацельствы па будаўніцтве прафінансаваных аб'ектаў, што пацягнула прычыненне шкоды пакупнікам жыллёвых аблігацый на 21,5 млн рублёў, а таксама "істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам у сацыяльнай сферы", адзначае КДК.

Паведамляецца, што новае кіраўніцтва кампаніі адшуквае сродкі на дабудаванне названых жылых дамоў без прыцягнення дадатковага фінансавання з боку трымальнікаў жыллёвых аблігацый, якія цалкам выканалі свае абавязацельствы.

Сумеснае ТАА "Тамбаз" створанае ў 1992 годзе. Як паведамляе сайт кампаніі, адным з асноўных відаў дзейнасці з'яўляецца будаўніцтва і рамонт будынкаў і збудаванняў рознага прызначэння з поўным комплексам работ, уключаючы вонкавыя інжынерныя сеткі і добраўпарадкаванне. Сярод найбольш значных аб'ектаў кампаніі — будынак рэстарана "Макдональдс" з офіснымі памяшканнямі па вул. Няміга ў Мінску; выраб і мантаж металаканструкцый будынка "Тэхнабанка" па вул. Заслаўскай у сталіцы, узвядзенне другой чаргі завода па вытворчасці медыцынскай тэхнікі ЗП "Маерск Медыкал" у Фаніпалі і шэраг іншых аб'ектаў.

З 2005 года "Тамбаз" вядзе праектаванне і будаўніцтва адзінага комплексу жылых дамоў з убудаванымі і прыбудаванымі адміністрацыйнымі і гандлёвымі памяшканнямі і падземнымі гаражамі ў межах вул. Багдановіча — зав. Верхні — вул. Тургенева — вул. Ізмайлаўская ў Мінску. Гэты комплекс з'яўляецца працягам ужо узведзенага кампаніяй комплексу з трох шматпавярховых жылых дамоў з убудаванымі адміністрацыйнымі і гандлёвымі памяшканнямі і шматузроўневым падземным гаражом. Аб'екты забудовы дзеляцца на чатыры чаргі будаўніцтва і звязаныя паміж сабой адзінай архітэктурнай канцэпцыяй. Усе апошнія гады "Тамбаз" з'яўляецца заказчыкам будынкаў, якія ён узводзіць, паведамляе сайт кампаніі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН