Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/21/935136_223015/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:01
21.12.2017 18:20 Эканоміка

ЕЭК ацэньвае эфект ад ліквідацыі бар'ераў і выключэнняў у межах ЕАЭС у 2018—2019 гадах у 600—800 млн долараў

Мінск, 21 снежня. Адным з дасягненняў гэтага года стала зацвярджэнне Еўразійскім міжурадавым саветам дарожнай карты па ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў на 2018—2019 гады. Пра гэта ў дакладзе аб працы па выяўленні і ліквідацыі бар'ераў, выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) за 2017 год паведаміла міністр па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Карынэ Мінасян на савеце ЕЭК 19 снежня.

"Паводле нашых ацэнак, сукупны станоўчы эфект ад ліквідацыі 17 перашкод, уключаных у дарожную карту, вар'юецца ад 1,5 да 2% аб'ёму ўзаемнага гандлю ў 2016 годзе, гэта значыць 600—800 млн долараў ЗША", — цытуе міністра прэс-служба ЕЭК.

Як адзначыла Мінасян, у 2017 годзе быў зафіксаваны 161 зварот па пытаннях функцыянавання ўнутранага рынку. 48 з іх паступілі праз інфармацыйны партал barriers.eaeunion.org. Больш за ўсё зваротаў — прыблізна 49% — паступіла з Расійскай Федэрацыі, на другім месцы Беларусь (25,5%). Далей ідуць Арменія (10,5%), Казахстан (9,4%) і Кыргызстан (5,6%). Найбольшая колькасць пытанняў і лістоў звязаныя з тэхнічным і мытным рэгуляваннем, транспартнай палітыкай.

"Актыўная праца камісіі па забеспячэнні рэалізацыі чатырох свабод спрыяла ліквідацыі краінамі саюза дзесяці бар'ераў і прыняццю трох рашэнняў калегіі камісіі аб неабходнасці выканання ўзятых абавязацельстваў у межах функцыянавання ўнутранага рынку ЕАЭС", — адзначыла Мінасян.

Камісія разлічвае, што яшчэ 20 перашкод будуць ліквідаваныя з моманту набыцця моцы асобнымі палажэннямі нарматыўных прававых актаў, якія ўваходзяць у права саюза, а таксама за кошт падрыхтоўкі і падпісання адпаведных міжнародных дагавораў.

На думку Мінасян, асаблівую актуальнасць сёння маюць пытанні надзялення камісіі дадатковымі функцыямі ў частцы кантролю за выкананнем узятых на сябе дзяржавамі-членамі абавязацельстваў у межах функцыянавання ўнутранага рынку, а таксама пашырэння паўнамоцтваў камісіі па звароце ў суд саюза ў выпадку невыканання краінамі ЕАЭС міжнародных дагавораў і рашэнняў органаў ЕАЭС.

Падчас пасяджэння савета ЕЭК было разгледжана больш за 30 пытанняў. Прынятыя рашэнні аб нанясенні на ўпакоўкі харчовых прадуктаў знака ГМА, абнуленні ставак мытных пошлін на асобныя віды рыбы і рыбнага філе, правядзенні маніторынгу сістэмаўтваральных прадпрыемстваў краін саюза, змяншэнні памеру мытнай пошліны за перавышэнне нормаў бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістага карыстання і г. д.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239