Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/21/935138_935139/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 22:42
21.12.2017 17:11 Эканоміка, Грамадства

ЕЭК прыняла рашэнне аб абавязковай маркіроўцы прадуктаў з ГМА

Мінск, 21 снежня. Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) 20 снежня прыняў рашэнне аб абавязковым нанясенні на ўпакоўкі харчовых прадуктаў знака маркіроўкі прадукцыі, атрыманай з прымяненнем генна-мадыфікаваных арганізмаў (ГМА). Як паведаміла прэс-служба ЕЭК, адпаведнае змяненне ўнесена ў тэхрэгламент Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) "Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі".

На думку члена калегіі (міністра) па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК Валерыя Карашкова, новае патрабаванне камісіі "дазволіць пакупнікам зрабіць больш усвядомлены і правільны выбар".

Знак наносіцца ў выпадку, калі ўтрыманне ГМА ў прадукце перавышае 0,9%. Надпіс "ГМА" павінен наносіцца побач з адзіным знакам абарачэння прадукцыі на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза "ЕАС". Пры гэтым знак "ГМА" павінен адпавядаць па форме і памеры знаку "ЕАС".

Дзейная рэдакцыя тэхрэгламенту аб маркіроўцы прадукцыі ўжо абавязвае вытворцаў інфармаваць пакупнікоў пра ўтрыманне ГМА. Аднак раней гэтыя звесткі маглі друкавацца вельмі дробным шрыфтам. Цяпер уводзяцца больш жорсткія патрабаванні да параметраў маркіроўкі прадуктаў з ГМА. Акрамя таго, тэхрэгламент у новай рэдакцыі патрабуе, каб знак "ГМА" быў нанесены спосабам, які забяспечвае яго лёгкую чытальнасць і бачнасць на працягу ўсяго тэрміну службы (прыдатнасці) прадукцыі.

На адаптацыю бізнесу да новых патрабаванняў адведзена дванаццаць месяцаў. Знак з'явіцца на харчовых прадуктах, якія ўтрымліваюць ГМА, толькі ў канцы 2018 года.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239