Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/21/eu_eu_935142_102036/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:37
21.12.2017 17:12 Эканоміка, Фінансы, Беларусь — Eўрасаюз

Еўрасаюз выдзеліць 7,7 млн еўра на рэалізацыю праекта па падтрымцы сацыяльнага прадпрымальніцтва ў Беларусі

Мінск, 21 снежня. Еўрапейскі саюз і Праграма развіцця ААН пачынаюць новы праект, разлічаны на тры гады і скіраваны на падтрымку малых і сярэдніх прадпрыемстваў у 12 раёнах Беларусі.

Адной з задач ініцыятывы з'яўляецца стымуляванне сацыяльнага прадпрымальніцтва і павелічэнне долі сацыяльных прадпрыемстваў у эканоміцы краіны на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўні, паведаміла прэс-служба прадстаўніцтва ПРААН у Беларусі.

Як сказалі БелаПАН у прадстаўніцтве ЕС, агульны бюджэт праекта складае 8 млн еўра. ЕС дае 7,7 млн, ПРААН — 0,3 млн еўра. Прыблізна 5,5 млн еўра будуць выдзяляцца ў выглядзе прамых грантаў для малых і сярэдніх прадпрыемстваў, бізнес-інкубатараў, падтрымкі новых кампаній, мікрафінансавання.

"Еўрапейскі саюз працягвае пашыраць падтрымку мясцовага эканамічнага развіцця ў Беларусі і надае асаблівую ўвагу стварэнню новых працоўных месцаў, развіццю прыватнага бізнесу і сацыяльнага прадпрымальніцтва, — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын. — У межах новага праекта мы плануем выдзяліць гранты для 200 малых і сярэдніх прадпрыемстваў, а таксама сацыяльна арыентаванага бізнесу і недзяржаўных некамерцыйных арганізацый, якія хочуць палепшыць умовы жыцця ў рэгіёнах праз укараненне новых формаў бізнесу, аказанне мясцоваму насельніцтву сацыяльна значных паслуг. Наша мэта — падтрымаць ініцыятыву людзей і паказаць, што нават малыя праекты могуць істотна паўплываць на паляпшэнне жыцця ў рэгіёнах і краіне ў цэлым".

"Сацыяльнае прадпрымальніцтва — унікальны рэсурс эканамічнага росту і згуртавання насельніцтва ў рэгіёнах, — дадаў пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі Санака Самарасінха. — У мясцовых прадпрымальнікаў шмат добрых ідэй для сацыяльных праектаў, ёсць патэнцыял для іх ажыццяўлення, але ім не хапае падтрымкі і ведаў для забеспячэння ўстойлівасці гэтых праектаў у доўгатэрміновай перспектыве. Новы праект адкрывае мясцоваму малому і сярэдняму бізнесу доступ да інструментаў, якія дапамогуць дамагчыся жаданых паляпшэнняў".

На думку спонсараў, малыя і сярэднія прадпрыемствы іграюць важную ролю ў забеспячэнні занятасці і падтрыманні эканамічных даходаў мясцовага насельніцтва. У Беларусі доля малога і сярэдняга бізнесу ў мясцовых эканоміках складае 50%. Гэты сектар таксама з'яўляецца працадаўцам для 30% занятага насельніцтва краіны. "У святле цяжкасцяў, з якімі сутыкаецца буйны дзяржаўны бізнес Беларусі, прыватнае прадпрымальніцтва валодае добрым патэнцыялам для забеспячэння ўстойлівага развіцця эканомікі краіны і таму мае патрэбу ў інвестыцыях і падтрымцы", — адзначыла прэс-служба.

Дзейнасць праекта падтрымлівае мерапрыемствы дзяржаўнай праграмы "Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь" на 2016—2020 гады і выкарыстоўвае яе магчымасці для сумяшчэння стратэгій бізнесу і сацыяльнага развіцця раёнаў.

Праект будзе садзейнічаць стварэнню новых працоўных месцаў для сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, а таксама акажа інфармацыйную і юрыдычную падтрымку малому і сярэдняму бізнесу, уключаючы магчымасці крэдытавання.

Праект "Мясцовае эканамічнае развіццё ў Беларусі" фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Беларусі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239