Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/22/935217_12345/
Дата раздрукоўкі: 25.02.2020 23:56
22.12.2017 09:52 Грамадства

Мінабароны адказала "Гавары праўду" на прапановы па паляпшэнні ўмоваў праходжання ваеннай службы, адзначыўшы некампетэнтнасць іх аўтараў

Мінск, 22 снежня. Міністэрства абароны Беларусі адказала на прапановы сустаршыняў кампаніі "Гавары праўду" Андрэя Дзмітрыева і Таццяны Караткевіч па пытаннях праходжання ваеннай службы. Яны былі перададзеныя 1 лістапада першаму намесніку міністра абароны — начальніку Генеральнага штаба Узброеных сіл генерал-маёру Алегу Белоконеву на прыёме грамадзян 1 лістапада.

Нагадаем, сярод прапаноў кіраўнікоў "Гавары праўду" былі: увесці інстытут упаўнаважанага (омбудсмена) па правах ваеннаслужачых; стварыць грамадска-кансультатыўны савет пры МА і запрасіць у яго прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, праваабарончых арганізацый; стварыць для развіцця ўзаемадзеяння з грамадскасцю ў складзе МА дэпартамент грамадзянска-ваеннага супрацоўніцтва; спрасціць парадак давання звальненняў у выхадныя і святочныя дні салдатам тэрміновай службы, даць ім больш свабоды для зносін са сваякамі і сябрамі; разгрузіць ваенных псіхолагаў ад бюракратычнай работы і максімальна павялічыць іх час працы з асабістым складам; фарміраваць сяржанцкі склад выключна з тых, хто служыць па кантракце, прайшоў тэрміновую ваенную службу, арганізаваць для іх і прапаршчыкаў атрыманне сярэдняй спецыяльнай ваеннай адукацыі; перагледзець падыходы да камплектавання падраздзяленняў да батальёна ўключна за кошт ваеннаслужачых тэрміновай службы аднаго перыяду і падбору кадраў для непасрэднай працы з асабістым складам; скараціць тэрміновую службу да 9 месяцаў і скласці насычаную праграму "па развіцці навыкаў і ўменняў для абароны нашай радзімы".

Як паведамляецца на сайце МА, у адпаведнасці з законам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб прапановы "Гавары праўду" разгледжаныя. "Ва ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін па іх былі дадзеныя абгрунтаваныя адказы, дзе выразна паказана, што прапановы, падрыхтаваныя, як было паказана, у выніку кансультацый з экспертамі ў галіне бяспекі, сведчаць аб некампетэнтнасці апошніх", — канстатуюць вайскоўцы.

У Мінабароны адзначаюць, што прапанова "ў сувязі з нібыта загружанасцю ваенных псіхолагаў бюракратычнай працай сведчыла аб няведанні адпаведнымі экспертамі заканадаўства ... і спецыфікі працы ваенных псіхолагаў". У адпаведнасці з законам ад 1 лiпеня 2010 года "Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі" на пасады ваенных псіхолагаў ва Узброеных сілах "прызначаюцца асобы, якія маюць псіхалагічную адукацыю, іх дзейнасць рэгламентуецца адпаведнымі нарматыўнымі прававымі актамі і мае практычную накіраванасць на працу з асабістым складам, што выключае загружанасць бюракратычнай працай", — заяўляюць у Мінабароны.

Прапанова аб стварэнні так званых апякунскіх саветаў, як адзначаюць у МА, "трэба меркаваць, была запазычаная з вопыту Расійскай імперыі ці Польшчы часоў нямецкай акупацыі (у самым агульным плане пад апекай разумеецца назіранне за недзеяздольнымі грамадзянамі, абарона іх асабістых і маёмасных правоў)" .

"Калі ж гаворка ідзе пра сістэму ўзаемадзеяння з грамадскімі арганізацыямі, у тым ліку з Камітэтам салдацкіх маці, царквой і сваякамі ваеннаслужачых, то адпаведная сістэма даўно створаная і функцыянуе ў беларускім войску", — гаворыцца ў паведамленні на сайце МА.

"Прапанова выбіраць вайскоўцам, тым больш вайскоўцам аднаго перыяду службы, свайго прадстаўніка пры камандаванні вайсковай часткі для вырашэння бытавых, прававых і псіхалагічных пытанняў сведчыць аб няведанні экспертамі-кансультантамі элементарных палажэнняў агульнавайсковых статутаў, якія выразна рэгламентуюць рашэнне гэтых пытанняў. Тым больш што ў падраздзяленнях і воінскіх частках функцыянуюць агульныя сходы ваеннаслужачых, сходы сяржантаў, саветы сяржантаў", — звяртаюць увагу ў Міністэрстве абароны.

Закранаючы прапанову "Гавары праўду" пра камплектаванне падраздзяленняў вайскоўцамі тэрміновай ваеннай службы аднаго перыяду, у МА адзначаюць, што гэта не апраўдалася ў найноўшай гісторыі. "З канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў Савецкай Арміі спробы стварэння падраздзяленняў з вайскоўцаў аднаго перыяду службы не мелі плёну. Яны не прывялі да зніжэння правапарушэнняў, але пры гэтым паўстала нямала праблем у падтрыманні неабходнага ўзроўню баявой гатоўнасці канкрэтных падраздзяленняў", — канстатуюць ваенныя.

Пытанне аб змяненні заканадаўства ў бок вызвалення ад крымінальнай адказнасці за самавольнае пакіданне воінскай часці ў сувязі з "дзедаўшчынай", як заяўляюць у ваенным ведамстве, сведчыць аб тым, што эксперты, якія прапанавалі гэта, слаба ведаюць заканадаўства. З 2005 года ў Крымінальным кодэксе існуе норма, у адпаведнасці з якой асоба ў статусе ваеннаслужачага, якая ўпершыню ўчыніла дзеянні, прадугледжаныя артыкулам 445 (самавольнае пакіданне часці або месца службы), можа быць вызваленая ад крымінальнай адказнасці, калі зробленае з'явілася следствам збегу цяжкiх абставінаў.

Што да скарачэння тэрміну тэрміновай ваеннай службы Мінабароны нагадвае, што пытанне было ініцыяванае ваенным ведамствам яшчэ 10 гадоў таму. "Гэтае пытанне было ўсебакова прапрацаванае менавіта Міністэрствам абароны на ўсіх узроўнях з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі сістэмы забеспячэння бяспекі. Было ўстаноўлена, што з улікам падтрымання неабходнага ўзроўню баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці вайсковых часцей і падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў па ваенна-ўліковых спецыяльнасцях, а галоўнае — у сувязі з выкананнем пэўных задач воінскімі фарміраваннямі (нясеннем службы, у тым ліку баявога дзяжурства), скарачэнне тэрміну службы не ўяўляецца магчымым. Тым не менш, для асобных катэгорый вайскоўцаў прадугледжана праходжанне тэрміновай ваеннай службы тэрмінам 12 месяцаў і 6 месяцаў, а служба ў рэзерве арганізуецца без адрыву ад асноўнай работы", — гаворыцца ў інфармацыі на сайце МА.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН