Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/22/935225_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 01:29
22.12.2017 10:28 Грамадства

Пасольства ЗША зноў пашырае візавыя паслугі для беларускіх грамадзян

Мінск, 22 снежня. Пасольства ЗША ў Мінску зноў пашырае візавыя паслугі для грамадзян Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба дыпмісіі, з 9 студзеня 2018 года пасольства будзе прымаць заявы ад рэзідэнтаў Беларусі на візы катэгорый A, C1/D, G, F, H, I, J, L, M, O, P і R.

Застаецца ў сіле ўзроставае абмежаванне для тых, хто звяртаецца па візы класу B1/B2 (турызм/бізнес). Цяпер у Мінску па візы класу B1/B2 могуць звярнуцца толькі рэзідэнты Беларусі ва ўзросце 50 гадоў і старэйшыя.

"Мы працуем над пашырэннем магчымасцяў консульскага аддзела і спадзяемся ў найбліжэйшай будучыні яшчэ больш пашырыць нашы візавыя паслугі", — адзначаецца ў паведамленні.

Раней па візы катэгорый В1/В2 у пасольства ў Мінску маглі звяртацца рэзідэнты Беларусі 70 гадоў і старэйшыя. З 1 лістапада 2017 года ўзрост зніжаны да 50 гадоў.

Колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску была скарочаная па патрабаванні беларускага боку ў сакавіку 2008 года пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцыяў у дачыненні да дзяржканцэрна "Белнафтахім" у сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Неўзабаве пасля гэтага беларускі пасол у ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Мінск па патрабаванні беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт. З тых часоў амерыканскую місію ў Мінску ўзначальваюць часовыя павераныя.

Дыпламатычны штат пасольства быў скарочаны з 35 да пяці чалавек. У сувязі з гэтым быў скарочаны пералік консульскіх паслуг грамадзянам.

Беларускія грамадзяне вымушаныя звяртацца па візы ў консульскія аддзяленні пасольстваў ЗША ў Маскве, Варшаве, Кіеве і Вільнюсе.

У 2014 годзе пасольства аднавіла выдачу віз некаторым катэгорыям грамадзян — студэнтам, удзельнікам праграм абмену, людзям старэйшым за 70 гадоў і тым, у каго раней была амерыканская віза.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН