Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/22/935252_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 01:01
22.12.2017 12:38 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка падпісаў дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі"

Мінск, 22 снежня. Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 22 снежня на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў.
Галоўная мэта дакумента — "стварыць такія ўмовы, каб сусветныя ІТ-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, адкрывалі тут свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт", падкрэсліў Лукашэнка.

"Другая мэта дэкрэта — інвестыцыі ў будучыню. Гэта ІТ-кадры і адукацыя. Трэцяя — укараненне найноўшых фінансавых інструментаў і тэхналогій. Вядучыя эканомікі свету яшчэ толькі прыглядаюцца да гэтага новай з'явы. Беларусь становіцца фактычна першай у свеце дзяржавай, якая адкрывае шырокія магчымасці для выкарыстання тэхналогіі блокчэйн. У нас ёсць усе шанцы стаць рэгіянальным цэнтрам кампетэнцый у гэтай галіне", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён падтрымаў усе прапановы прадпрымальнікаў, якія б складаныя тэмы яны ні закраналі. "Ёсць у нас прасунутыя людзі, якія ўжо падумалі, як гэтым займацца. Я падумаў так: у нас сёння гэтага няма, калі нешта будзе добрае — у плюс, калі будзе ў мінус — я ведаю, з каго спытаць", — сказаў ён.

На думку Лукашэнкі, з прыняццем дэкрэта ў Беларусі не толькі будуць створаныя ўмовы для развіцця ІТ-сферы, але і набытыя "ўнікальныя канкурэнтныя перавагі для прыцягнення тэхналогій, капіталаў і, галоўнае, разумных і таленавітых людзей з усяго свету". "Гэты дэкрэт разам з пакетам прынятых рашэнняў для бізнесу павінен дазволіць Беларусі стаць на шлях апераджальнага развіцця", — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Паводле інфармацыі БелаПАН, дакументам прадугледжаная сістэма мер па лібералізацыі ўмоў вядзення дзейнасці ў сферы новых і высокіх тэхналогій, у тым ліку па ўдасканаленні прававога статусу рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій (ПВТ).

У прыватнасці, да 1 студзеня 2049 года працягваецца тэрмін дзеяння спецыяльнага прававога рэжыму ПВТ. Рэзідэнтамі ПВТ змогуць стаць кампаніі, занятыя праектаваннем, распрацоўкай, абслугоўваннем, рэалізацыяй, эксплуатацыяй праграмных і праграмна-апаратных сродкаў на аснове або з выкарыстаннем рэестра блокаў транзакцый (блокчэйн), размеркаваных баз даных; стварэннем, навучаннем нейронавых сетак і іншых алгарытмаў у спецыялізаваных раздзелах штучнага інтэлекту; распрацоўкай і абслугоўваннем сістэм беспілотнага кіравання транспартам; медыцынскімі тэхналогіямі, біятэхналогіямі, а таксама рэалізацыяй вынікаў такіх распрацовак; аўтсорсінгам бізнес-працэсаў; выданнем і прасоўваннем праграмнага забеспячэння; майнінгам, дзейнасцю біржы крыптавалют і крыптаабменнага пункта, а таксама дзейнасцю ў сферы кіберспорту.

Пералік відаў дзейнасці не з'яўляецца закрытым. Назіральны савет ПВТ надзяляецца правам вызначаць іншыя віды дзейнасці, ажыццяўляючы якія кампанія зможа стаць рэзідэнтам парку.

У рамках спецыяльнага прававога рэжыму ПВТ захаваныя існуючыя і ўведзеныя новыя льготы па падатках, а таксама узносах у ФСАН.

Сярод існуючых ільгот рэзідэнтаў ПВТ асноўнымі з'яўляюцца: вызваленне ад падатку на прыбытак і ПДК — замест гэтага рэзідэнты ПВТ выплачваюць 1% ад валавой выручкі ў карысць адміністрацыі парку, а таксама выплата падаходнага падатку з фізічных асоб па зніжанай стаўцы (9%), а таксама узносаў у ФСАН, разлічваем ад сярэдняй зарплаты па краіне, а не ад фактычнай, што менш у 3-4 разы.

Дадаткова даюцца льготы, накіраваныя на стымуляванне дзейнасці прадуктовых ІТ-кампаній: вызваленне ад ПДК, які ўзнікае ў замежных арганізацый, што аказваюць рэзідэнтам ПВТ маркетынгавыя, рэкламныя, кансультацыйныя і некаторыя іншыя паслугі; абнуленне стаўкі падатку на даходы замежных арганізацый, у дачыненні да даходаў ад адчужэння акцый, доляў у статутным фондзе, паёў у маёмасці рэзідэнтаў ПВТ (пры ўмове бесперапыннага валодання імі не менш як 365 дзён), а таксама роялці (па ліцэнзійнай дамове), даходаў ад аказання рэкламных паслуг і некаторых іншых даходаў, якiя выплачваюцца ім рэзідэнтамі ПВТ.

Дзейнасць рэзідэнтаў парку максімальна спрашчаецца. Яны змогуць здзяйсняць аперацыі з электроннымі грашыма без шэрагу абмежаванняў; без дазволу Нацбанка адкрываць рахункі ў замежных банках i iншых крэдытна-фінансавых арганізацыях, атрымліваць на іх грашовыя сродкі; праводзіць у паведамляльным парадку валютныя аперацыі, звязаныя з рухам капіталу, якія ажыццяўляюцца на падставе дазволу Нацбанка; пры здзяйсненні гаспадарчых аперацый з нерэзідэнтамі аднаасобна складаць першасныя ўліковыя дакументы. Заканадаўства аб парадку правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый на аперацыі з удзелам рэзідэнтаў ПВТ цяпер не распаўсюджваецца.

Дэкрэт уводзіць элементы брытанскага права. Так, рэзідэнтам ПВТ дадзена права заключаць з трэцімі асобамі дагаворы, якія актыўна прымяняюцца ў міжнародным бізнесе: пагадненні аб падаванніі апцыёну на заключэнне дамовы і апцыённыя дагаворы, у прыватнасці, дагаворы канверсоўнай пазыкі, пагадненні аб кампенсацыі маёмасных страт, пагадненні, якія прадугледжваюць адказнасць за перавабліванне работнікаў, non-compete пагадненні (аб неканкурэнцыі) з работнікамі з выплатай ім кампенсацыі за перыяд дзеяння non-compete абавязацельстваў, а таксама выдаваць безадзыўныя даверанасці.

Дакументам замацаваны комплекс мер, накіраваных на прыцягненне ў краіну высакакласных спецыялістаў у ІТ-сферы. Так, рэзідэнтам ПВТ не патрабуецца атрымліваць дазволы, звязаныя з прыёмам на працу замежнікаў. Такім замежнікам у спрошчаным парадку будзе выдавацца дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі. Адмяняюцца візы для замежных работнікаў і заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ, павялічаны максімальна дапушчальны тэрмін іх часовага знаходжання — да 180 дзён.

Што тычыцца легалізацыі ў Беларусі крыптавалют, то тут вызначаныя правы фізічных і юрыдычных асоб у сферы абароту токенаў (унутраных крыптавалют праекта). Юрыдычныя асобы маюць права валодаць токенамі, ствараць і размяшчаць уласныя токены праз рэзідэнтаў ПВТ, набываць, адчужаць токены і здзяйсняць з імі іншыя аперацыі толькі праз біржы крыптавалют і аператараў абмену крыптавалют.

Фізасобы маюць права валодаць токенамі, ажыццяўляць майнінг, абменьваць токены, набываць і адчужаць іх за беларускія рублі, замежную валюту, электронныя грошы, а таксама дарыць і завяшчаць токены. Дзейнасць фізічных асоб па майнінгу, набыцці і адчужэнні токенаў не прызнаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Токены і даходы ад аперацый з імі не падлягаюць дэклараванню фізічнымі асобамі. Абароты, прыбытак (даходы, выручка) ад розных аперацый з токенамі не прызнаюцца аб'ектамі падаткаабкладання да 1 студзеня 2023 года.

Па выніках нарады ў прэзідэнта па праекце дэкрэта аб развіцці лічбавай эканомікі, якое адбылося 11 снежня, вядомы ІТ-прадпрымальнік Віктар Пракапеня назваў дакумент "класным крокам на шляху да стварэння ІТ-краіны". Намеснік дырэктара па маркетынгу і развіцці ПВТ Аляксандр Марцінкевіч раней заяўляў, што з прыняццем дэкрэта "беларусы могуць стаць стартап-нацыяй у сваім рэгіёне".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН