Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/22/935259_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 10:08
22.12.2017 13:34 Эканоміка, Палітыка, Фінансы

Лукашэнка: Расходы бюджэту на 2018 год перад его прыняццем урэзаныя, але не дзеля правядзення датэрміновых выбараў

Мінск, 22 снежня. Расходы рэспубліканскага бюджэту на 2018 год перад яго прыняццем парламентам па рашэнні Аляксандра Лукашэнкі былі зменшаныя і пералічаныя ў рэзервовы фонд прэзідэнта для таго, каб потым гэтыя сродкі выкарыстоўваць згодна з прапановамі ўрада і парламента. Пра гэта, як паведамляе БелТА, афіцыйны лідар заявіў 22 снежня на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў.

Лукашэнка адзначыў, што падчас падрыхтоўкі праекта бюджэту на наступны год было прынятае рашэнне дадаткова частку сродкаў накіраваць у рэзервовы фонд. "Прымаючы новы бюджэт, лямант паднялі бізнесмены ад палітыкі — тыя выдаткі, што былі запланаваны ў бюджэце, я яшчэ на 10% скараціў, пералічыўшы гэтыя сродкі ў рэзервовы фонд прэзідэнта, які ў бюджэце будзе, не ў мяне ў кішэні, і будзе выкарыстоўвацца па прапановах урада і парламента", — сказаў беларускі кіраўнік.

"Там некаторыя кажуць: прэзідэнт стварыў вялікі рэзервовы фонд, напэўна, выбары датэрміновыя будуць (верагодна, гаворка ідзе пра прэзідэнцкія выбары. — БелаПАН.). Ніякіх датэрміновых выбараў у нас не будзе. Няма для гэтага ніякіх падставаў, тэндэнцый і іншых прычын", — заявіў Лукашэнка.

На пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 18 снежня, падчас прыняцця праекта бюджэту ў першым чытанні, дэпутат і актывістка Аб`яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая пацікавілася ў міністра фінансаў Уладзіміра Амарына, у сувязі з чым у параўнанні з першапачатковым праектам дакумента ў ім скарочаныя выдаткі па шэрагу сфер, за кошт чаго больш чым у два разы павялічаныя памеры рэзервовых фондаў, у першую чаргу рэзервовага фонду прэзідэнта. Расходы на рэзервовыя фонды павялічаны ў 2,6 разу — да 1,22 млрд рублёў. У той жа час выдаткі на нацыянальную эканоміку скараціліся на 10% (да 2,47 млрд рублёў), на ахову здароўя — на 7,8% (да 895 млн), на адукацыю — на 2,8% (да 877 мільёнаў долараў), на сацыяльную палітыку — на 2,6% (да 1,77 млрд).

Паводле слоў Амарына, былі праведзеныя невялікія скарачэнні расходаў, выключаючы расходы на зарплату, выкананне абавязацельстваў. "Сродкі зарэзерваваныя, каб пасля, па выніках развіцця эканомікі, выканання бюджэту пры неабходнасці іх разрэзерваваць і накіраваць на неадкладныя патрэбы, павышэнне зарплаты ў бюджэтным сектары, на рэалізацыю ключавых інавацыйных і інвестыцыйных праектаў — ужо пасля першага квартала", — заявіў міністр.

Праект рэспубліканскага бюджэту на 2018 год прадугледжвае выдаткі ў аб`ёме 19 млрд 751 млн 495 тыс. рублёў, яго прагназаваныя даходы — 20 млрд 485 млн 376 тыс. рублёў. У якасці асноўных параметраў для разліку праекта бюджэту прыняты кансерватыўны сцэнар, пры якім ВУП вырасце на 1,2%, інфляцыя не перавысіць 7,4%, сярэднегадавая цана на нафту складзе 43 долара за бараль, а сярэднегадавы курс долара — 2,038 рубля.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239