Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/22/935272_558896/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:39
22.12.2017 13:39 Эканоміка, Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Усе прапановы бізнесу з гэтага часу становяцца абавязковымі для разгляду ўладай

Мінск, 22 снежня. "Усе прапановы бізнес-асяроддзя з гэтага часу становяцца абавязковымі для разгляду", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 снежня на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў.

Афіцыйны лідар закрануў дзейнасць Савета па развіцці прадпрымальніцтва, чый склад нядаўна быў абноўлены на 60%, акрамя таго, савет быў надзелены дадатковымі паўнамоцтвамі. "Гэта адзіны савет, які створаны пры прэзідэнце, іншых такіх саветаў няма. І гэта сведчыць пра сур'ёзнасць стаўлення да гэтага пытання. І ён не ўчора быў створаны, а шмат гадоў таму. Самарэгуляванне бізнесу і мінімізацыя ўмяшання службовых асоб дзяржаўных органаў у яго дзейнасць — вось аснова працы, якая праводзіцца ў краіне, па развіцці эканомікі", — цытуе беларускага кіраўніка інфармагенцтва БелТА.

Паводле слоў Лукашэнкі, савет павінен стаць магутнай структурай на варце інтарэсаў бізнесу. Пры гэтым афіцыйны лідар адзначыў: раней бізнес-структуры скардзіліся, што чыноўнікі не ўспрымаюць сур'ёзна іх прапановы. "Цяпер гэтага не будзе. Усе тэхнічныя перашкоды для актыўнай дзейнасці савета ліквідавалі, пашырылі яго паўнамоцтвы. Адмахнуцца ад вашых рэкамендацый дзяржорганы проста так больш не змогуць", — заявіў ён.

Лукашэнка лічыць, што трэба "па крупінках збіраць разумныя ідэі калегаў з рэгіёнаў, якіх у Мінску часам не чуюць". "Уносьце канкрэтныя прапановы і прасоўвайце іх у жыццё, ініцыюйце прыняцце неабходных прававых актаў. Калі неабходны будзе і мой удзел у пасяджэннях савета, калі ласка, запрашайце", — прапанаваў ён.

"Маё патрабаванне да службовых асоб усіх узроўняў — ад старшыні сельскага савета да міністра: шануйце не толькі літару, але і дух прынятых рашэнняў. Усё ў законах не прапішаш. Кожны кіраўнік ад дзяржаўнай улады пры ажыццяўленні кантактаў з бізнесам павінен прытрымлівацца адзінай формулы. Калі закон дазваляе дапамагчы — дапамажы! Калі закон не дазваляе дапамагчы — не перашкаджай! Калі закон патрабуе ўмяшацца — тады дзейнічай", — заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ўсе прынятыя рашэнні ў частцы лібералізацыі ўмоў для вядзення бізнесу неабходна рэалізаваць у максімальна кароткія тэрміны. "Нам вельмі важна выпрацаваць сістэму кантролю выканання нарматыўна-прававых актаў", — сказаў Лукашэнка. Адпаведныя даручэнні дадзеныя кіраўніцтву Адміністрацыі прэзідэнта і Камітэта дзяржкантролю. "Калі патрэбныя нейкія падзаконныя акты, іх трэба прыняць. І не варта расцягваць на першую палову наступнага года. Трэба зрабіць гэта хутчэй", — лічыць ён.

Паводле слоў афіцыйнага лідара, выдадзеныя новыя дакументы, уключаючы дэкрэт № 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва", заклалі аснову для перагляду заканадаўства ва ўсіх сферах, звязаных з ажыццяўленнем бізнесу. "Усю працу неабходна поўнасцю завяршыць на працягу 2018 года. Але спачатку органы ўлады павінны забяспечыць належнае інфармаванне людзей пра новыя ўмовы працы. І вас прашу падключыцца да гэтай працы. Выкарыстоўвайце ўсе даступныя спосабы камунікацыі, праводзьце сустрэчы з людзьмі, нагружайце СМІ і не забывайце пра патэнцыял інтэрнэту. Растлумачце кожную літару новых рашэнняў, — дадаў Лукашэнка. — Прадстаўнікі бізнесу павінны разумець: у нас адна эканоміка, задачы, якія ставяцца ўраду, ставяцца і вам".

Ён падкрэсліў, што дзяржава кардынальна знізіла патрабаванні да ўмоў вядзення бізнесу, аднак цяпер уся паўната адказнасці за стан спраў на прадпрыемствах ускладаецца на кіраўнікоў і ўласнікаў.

Лукашэнка звярнуў увагу і на тое, што органы ўлады практычна не ўмешваюцца ў цэнаўтварэнне: "Таму, калі прыбытку для развіцця хапае, не завышайце, трымаеце нармальныя цэны. Майце на ўвазе, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю я не адмяняў, я ўзмацніў гэтае міністэрства. І кантраляваць, назіраць за цэнаўтварэннем (і Камітэт дзяржкантролю), не ўмешваючыся ў вашу дзейнасць, яно будзе заўсёды".

Беларускі кіраўнік таксама папрасіў прадпрымальнікаў "памятаць пра людзей і плаціць ім годную зарплату, забяспечваць занятасць". "Абапірайцеся на гэтыя тры простыя правілы, і вы заўсёды будзеце мець у асобе дзяржавы надзейнага партнёра і памочніка. Гэта я вам гарантую", — падкрэсліў ён.

"Ініцыятыўнасць, прыстойнасць, празрыстасць і максімальная адказнасць перад сваімі работнікамі і грамадствам павінны стаць асновай вашай дзейнасці. Усё гэта прадугледжвае рашучую адмову ад нейкіх шэрых схем. Лічу, што крымінальныя справы, калі на адной лаве падсудных аказваюцца чыноўнікі і бізнесмены, кідаюць цень як на ўладу, так і на дзелавую супольнасць. Злачынная дзейнасць — гэта ганьба, яе трэба строга спыняць! Спадзяюся, у гэтым мы аднадумцы. Інакш нам з вамі проста не па дарозе", — сказаў на заканчэнне афіцыйны лідар.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН