Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/22/935274_445896/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 00:53
22.12.2017 14:45 Эканоміка, Палітыка, Грамадства

Лукашэнка папярэдзіў прадпрымальнікаў, каб яны не змешвалі палітыку і эканоміку

Мінск, 22 снежня. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 22 снежня папярэдзіў прадпрымальнікаў, каб яны ў сваёй дзейнасці не змешвалі палітыку і эканоміку.

Афіцыйны лідар паведаміў, што, праглядаючы раніцай СМІ і чытаючы падрыхтаваныя для яго агляды, "выявіў нейкую крыўду з боку прадстаўнікоў пэўных палітызаваных структур: нібыта іх не запрасілі на сустрэчу". "Што да скаргаў гэтых спадароў, павінен сказаць, што ў нас сёння не палітычная нарада і палітычных кампаній пакуль няма. Праўда, праходзяць выбары ў мясцовыя саветы — дык гэта трэба ісці туды і там, не крыўдуючы, весці дыялог. А сёння я запрасіў сюды людзей, якія займаюцца справай і ўдзельнічаюць у палітыцы тады, калі ідуць палітычныя кампаніі. Таму крыўдзіцца не трэба, што тут не ўсіх паклікалі. Усіх паклікаць не маглі, а з тымі, хто крыўдзіцца, сустрэнемся на парламенцкіх, прэзідэнцкіх выбарах, таму што ў іх больш палітыкі, чым бізнесу", — цытуе беларускага кіраўніка яго прэс-служба.

Лукашэнка заявіў, што "нікому не забараняецца ўдзельнічаць у палітыцы". "Я нават настойваю, каб бізнесмены ўдзельнічалі ў палітыцы. Але толькі вы памятайце, каб потым не было крыўдаў: у палітыцы іншыя законы і правілы. Паспрабуйце перабудавацца ў сваім жыцці з эканомікі на палітыку, і ўсё будзе нармальна. Ні ў якім разе не трэба змешваць гэтыя паняцці і блытаць іх", — параіў афіцыйны лідар.

Паводле яго слоў, "некаторыя "дзеячы" папракалі ўлады тым, што ў Беларусі дзелавому чалавеку немагчыма разгарнуцца, маўляў, яго звязалі па руках і нагах". "Вы ведаеце, калі ішла гаворка да прыняцця гэтых нарматыўных прававых актаў, дэкрэтаў, указаў, я гэта чуў таксама. Скажу шчыра: я ў гэта ніколі не верыў, нават тады, калі мы пайшлі на прыняцце гэтых нарматыўных прававых актаў. Самае галоўнае сведчанне таму, што ў нас можна і трэба працаваць прадпрымальнаму чалавеку, — гэта вы. Вы пачыналі свой бізнес у тыя "немагчымыя" гады і адбыліся", — звярнуўся Лукашэнка да ўдзельнікаў сустрэчы.

На думку афіцыйнага лідара, сучасная моладзь думае, што бізнес — гэта лёгка: "прыйшоў, зарэгістраваўся — і заўтра будзеш багатым". "Вы, калі ласка, ім падказвайце, што гэта бяссонныя ночы і самая цяжкая праца. Асабліва калі ўкладваеш свае грошы, калі ў цябе сваё і табе за гэта давядзецца адказваць. Таму нічога адразу не з'яўляецца. Ну, некаму, магчыма, пашанцуе, аднаму з тысячы. Але многім трэба будзе працаваць, ім давядзецца не толькі праз працу прайсці, але і праз расчараванне, банкруцтва. Гэта цяжкая, няпростая праца, таму не трэба думаць, што прынялі рашэнне — і заўтра пойдуць у нас новыя бізнесмены. Лепш пачынаць з тым, хто ўжо гэтым бізнесам займаўся і ў каго ёсць вопыт", — лічыць Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што некаторыя краіны трацілі дзесяцігоддзі на тое, каб "адвучыць рознага роду дзялкоў вырашаць праблемы з дапамогай хабараў і бандыцкіх разборак". "Мы гэтага, па вялікім рахунку, не дапусцілі. І гэтага ў Беларусі ніколі не будзе", — заявіў ён. Лукашэнка сказаў, што "яшчэ ў пачатку прэзідэнцтва яму давялося разбірацца з дзейнасцю арганізаваных злачынных груповак": "Мы гэтае пытанне вырашылі за месяц, іх не стала".

Кажучы пра крыўды з боку пэўных структур, Лукашэнка, верагодна, меў на ўвазе РГА "Перспектыва", якое аб'ядноўвае індывідуальных прадпрымальнікаў. Як паведаміў БелаПАН старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка 21 снежня, члены арганізацыі на сустрэчу не запрошаныя. "Проста ігнаруюць — вось і ўсё. Не хочуць чуць тое, што мы скажам. Але, я думаю, мы ў баку не застанемся і ў залежнасці ад таго, што прагучыць на заўтрашняй сустрэчы, прымем адпаведную заяву", — сказаў Шумчанка.

У сувязі з гэтай сустрэчай ён распаўсюдзіў адкрыты ліст да прадпрымальнікаў, у якім заклікаў кіраўніцтва краіны "на прыкладзе добрых спраў прыбраць камяні з дарогі бізнесу і вярнуць страчаны давер, бо ніякія абяцанні і заклінанні не дапамогуць бізнесу".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН