Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/22/935282_123698/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 23:32
22.12.2017 14:35 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка патрабуе выкараніць "галачна-палачную" сістэму справаздачнасці кантрольных і сілавых органаў

Мінск, 22 снежня. Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным выкараніць дзейную сістэму справаздачнасці кантрольных і сілавых органаў.

"Даўно пара выкараніць так званую галачна-палачную сістэму справаздачнасці, калі ў аснову ставяцца сумы штрафаў, колькасць выяўленых правапарушэнняў і крымінальных спраў", — заявіў кіраўнік дзяржавы 22 снежня на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў.

Гэта нядрэнна, калі ў бюджэт ад дзеянняў праваахоўных органаў, кантралёраў паступаюць грошы, адзначыў ён. "Але амаль заўсёды наступствы больш адчувальныя — мы потым недаатрымліваем ў бюджэт у два разы больш, чым у выніку гэтых штрафных санкцый. Але справа не ў гэтым. Кантралёры і праваахоўныя органы маюць на стале адзін дакумент — заканадаўчы акт. Артыкул такі, парушыў — адказвай. Жыць трэба не па паняццях, а паводле закону", — цытуе Лукашэнку БелТА.

"Зрабіце тое, пра што мы дамовіліся на пятым Усебеларускім народным сходзе. Крытэрыем ацэнкі працы кантралёраў і праваахоўнікаў павінна быць колькасць прапанаваных і рэалізаваных мер па прадухіленні правапарушэнняў", — заявіў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што з кантрольнай дзейнасцю цесна звязаныя пытанні адказнасці бізнесу. "Свабода неймаверная, але другая частка кажа аб вашай адказнасці, — падкрэсліў ён, звяртаючыся да бізнесменаў. — І не толькі вашай — кантралёраў, урада. Да мяне неаднаразова даходзіць інфармацыя пра выпадкі, калі за нязначныя парушэнні на прадпрыемствы накладаюць велізарныя штрафы, выплаціць якія проста немагчыма".

Паводле слоў Лукашэнкі, штрафы і іншыя спагнання павінны быць суразмерныя характару правіны і ўлічваць эканамічнае становішча прадпрыемства. Пакаранне павінна быць адэкватным зробленаму і засцерагальным ад неабдуманых дзеянняў у наступным. "Менавіта такая канцэпцыя закладзеная ў аснову прынятага парламентам закона аб удасканаленні мер адміністрацыйнай адказнасці", — дадаў ён.

Лукашэнка заявіў пра недапушчальнасць навязвання бізнесу паслуг падатковых кансультантаў. "Хачу перасцерагчы падатковыя органы: не ўздумайце перакладаць сваю працу на падатковых кансультантаў або навязваць бізнесу іх паслугі. Кіраўнік прадпрыемства павінен сам вырашаць, ці трэба яму звяртацца да падатковага пасрэдніка", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ўказ аб падатковым кансультаванні прадугледжвае ўвядзенне прафесійнага інстытута пасрэднікаў паміж прадпрымальнікамі і падатковымі органамі. Гэтыя асобы, акрамя кансультавання, змогуць аказваць паслугі па вядзенні бухгалтарскага і падатковага ўліку.

"За якасць сваіх паслуг кансультанты адказваюць сваёй маёмасцю. Пракансультаваў не так — раскашэльвайся або аддай кватэру. Гэта было маё патрабаванне. Нам не патрэбныя пасрэднікі, якія ні за што не адказваюць. Не дай бог заўтра пойдзе хваля з падатковых органаў у пасрэднікі. Прадугледжанае, каб гэтага не адбылося", — растлумачыў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239