Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/22/935292_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 21:07
22.12.2017 14:51 Грамадства, Эканоміка

Прыватным клінікам могуць дазволіць набіраць лекараў без першай ці вышэйшай катэгорыі

Мінск, 22 снежня. Прыватным клінікам могуць дазволіць набіраць лекараў без першай або вышэйшай катэгорыі. Гэтае пытанне абмяркоўвалася 22 снежня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі дзелавых колаў, паведамляе БелТА.

Праблему падняла на сустрэчы дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага (БСПН), член Савета па развіцці прадпрымальніцтва Жанна Тарасевіч. "Карыстаючыся выпадкам, што ўказ (аб ліцэнзаванні. — БелаПАН.) яшчэ не падпісаны, прашу звярнуць увагу на палажэнне аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi i адмяніць норму, якая патрабуе толькі ў прыватных арганізацый аховы здароўя наяўнасці ў штаце лекараў толькі першай і вышэйшай катэгорый", — сказала Тарасевіч.

На яе думку, гэтае палажэнне не толькі дыскрэдытуе дыпломы маладых спецыялістаў, але і дэвальвуе сістэму адукацыі і дзяржаўных устаноў аховы здароўя.

Лукашэнка ў адказ заўважыў, што такія прапановы гучалі не раз. "Не хачу браць пад сумненне прысваенне катэгорый, але бываюць выпадкі, калі вышэйшая катэгорыя побач не стаіць з выпускніком ВНУ. Няхай сам наймальнік, які бярэ маладога лекара да сябе, за яго нясе адказнасць. Таму я вас у гэтым гатовы падтрымаць, як і ў многім іншым — калі гэта будзе прымальна пры фарміраванні новага парадку ліцэнзавання", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Патрабаванне, згодна з якім у арганізацыі павінны працаваць толькі спецыялісты з медыцынскай адукацыяй, што маюць першую або вышэйшую квалiфiкацыйную катэгорыю, было ўведзена ў Беларусі ўказам прэзідэнта і набыло моц 1 сакавіка 2016 года. Прадстаўнікі бізнес-супольнасці крытыкавалі новаўвядзенне, папярэджваючы аб яго негатыўных наступствах, і перш за ўсё пра масавае звальненне работнікаў прыватных медцэнтраў.

У кароткатэрміновай перспектыве, казалі яны, звальненне персаналу пацягне скарачэнне выручкі і даходаў прыватных медыцынскіх арганізацый, памяншэнне падатковых паступленняў, рост пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, банкруцтва і закрыццё часткі малых і мікраарганізацый. У сярэднетэрміновай перспектыве пачнецца ператок лекараў першай і вышэйшай катэгорый у прыватны бізнес, а некаторыя медработнікі без катэгорыі, верагодна, мігруюць у краіны блізкага замежжа. Рэзка зменшацца інвестыцыі ў медыцынскія арганізацыі. У доўгатэрміновай перспектыве, улічваючы, што ў дзяржустановах будуць працаваць пераважна медработнікі без катэгорыі або больш нізкай катэгорыі, у грамадства можа з'явіцца негатыўнае стаўленне і недавер да якасці іх паслуг. Усё гэта ў сукупнасці адмоўна адаб'ецца як на напаўненні, так і на выдатках бюджэту ў частцы аховы здароўя, а таксама на экспарце медыцынскіх паслуг, каментавалі указ прадстаўнікі БСПН.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН