Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/23/eu_eu_935415_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.05.2018 07:29
23.12.2017 15:22 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

БХД заклікае Еўрасаюз да крытычнага дыялогу з Беларуссю

Мінск, 23 снежня. Аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" "вітае палітыку адкрытасці Еўрасаюза і дэмакратычных краін да Беларусі, але разам з тым заклікае да правядзення крытычнага дыялогу, заснаванага на каштоўнасцях і прыярытэце правоў чалавека". Пра гэта гаворыцца ў заяве дэлегатаў з'езда БХД, які прайшоў 23 снежня ў Мінску.
"Падтрымка, якая вылучаецца ЕС для Беларусі, павінна быць перш за ўсё накіраваная на паляпшэнне ўмоў жыцця беларускага народа, а не на падтрымку і кансервацыю дзейнага рэжыму. Для гэтага БХД заклікае ўстановы Еўрасаюза зрабіць дыялог з Беларуссю больш празрыстым для беларускіх грамадзян, зрабіўшы грамадзянскую супольнасць краіны паўнавартасным удзельнікам дыялогу ЕС з Беларуссю", — гаворыцца ў заяве з'езда пра палітычную сітуацыю.
 
БХД таксама лічыць неабходным падтрымліваць крытычны дыялог з прадстаўнікамі беларускіх уладаў "для прасоўвання дэмакратычных рэформаў, правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі", заклікаючы распрацаваць "ясную дарожную карту перамоў Беларусь — Захад з удзелам незалежнага грамадства і палітычнай апазіцыі".

БХД асуджае палітычныя арышты ў Беларусі, прыняцце рэпрэсіўных законаў, абмежаванне асноўных правоў на свабоду сходаў, выказвання меркаванняў і асацыяцый, а таксама наданне дадатковых паўнамоцтваў і імунітэту ад судовага пераследу службовым асобам Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Арганізацыя заклікае ўрад Беларусі "неадкладна вызваліць і рэабілітаваць" усіх палітычных зняволеных у Беларусі, тых, каму былі прад'яўленыя абвінавачванні і абмежаваная свабода перамяшчэння.

БХД заклікае ўрад Беларусі выконваць свае абавязацельствы перад АБСЕ "ў адносінах да свабоды сходаў і свабоды выказвання меркаванняў, а таксама лібералізаваць заканадаўства і практыку, дазваляючы грамадзянам рэалізаваць права на публічны пратэст на вуліцах гарадоў і на прасторах інтэрнэту".

У з'ездзе БХД удзельнічала 110 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Па рашэнні з'езду аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" ў сёмы раз падасць дакументы на афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. Раней БХД шэсць разоў беспаспяхова спрабавала зарэгістравацца ў Мінюсце ў якасці палітычнай партыі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН