Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/24/935468_123456/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 21:36
24.12.2017 16:38 Грамадства

Жыхары Мазыра збіраюць подпісы пад петыцыяй аб забароне працы перасоўных дэльфінарыяў

Гомель, 24 снежня. Жыхары Мазыра збіраюць подпісы пад петыцыяй аб забароне працы перасоўных дэльфінарыяў.

Як паведаміў БелаПАН экалагічны актывіст, каардынатар "Зялёнай сеткі" Павел Ноздра, петыцыю плануецца накіраваць у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта.

"Перасоўныя дэльфінарыі, як і перасоўныя заапаркі, падлягаюць закрыццю, бо перавозка і ўтрыманне жывёл у такіх умовах — гэта жорсткае стаўленне да жывёл, таму ва ўсіх цывілізаваных краінах перасоўныя заапаркі, як і перасоўныя дэльфінарыі, забаронены заканадаўствам, — тлумачыць Ноздра. — Пры перавозцы марскія млекакормячыя праводзяць некалькі дзён без руху ў маленькіх кантэйнерах. Падчас узвядзення і разбору канструкцый дэльфінарыя, што звычайна займае некалькі дзён, марскія жывёлы пакутуюць у тых жа самых кантэйнерах шырынёй 1,5 і вышынёй 2 метры без руху і належнай увагі. Часта загінулых дэльфінаў проста замяняюць набытымі нелегальна ў браканьераў".

У петыцыі гаворыцца, што "ў геаграфічным цэнтры Еўропы — Беларусі — працягваецца атракцыён жорсткасці і варварства", і паведамляецца, што ў снежні ў Мазыры, каля ГЦ "Апельсін", размясціўся перасоўны дэльфінарый "Атлантыда". Адрасатаў петыцыі просяць звярнуць увагу на дзейнасць гэтага дэльфінарыя і вывучыць умовы ўтрымання жывёл, даць прававую ацэнку таму, што адбываецца, прыняць меры да забароны перасоўных дэльфінарыяў ў Беларусі.

Подпісы пад аналагічнай электроннай петыцыяй ініцыятары плануюць таксама збіраць на інтэрнэт-платформах. У Расіі пад аналагічнай петыцыяй на платформе change.org ужо падпісалася больш як 84 тыс. чалавек.
Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239