Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/26/935535_111333/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2020 06:43
26.12.2017 12:29 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка разлічвае на рост эканомікі у 2018 годзе

Мінск, 26 снежня. Аляксандр Лукашэнка разлічвае на рост эканомікі ў 2018 годзе. Пра гэта ён заявіў 26 снежня на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод у Палацы Незалежнасці.

Афіцыйны лідар павіншаваў удзельнікаў цырымоніі з Новым годам. "Упэўнены, ён стане годам працоўных перамог, выканання планаў, праектаў, годам пазітыўнага росту эканомікі", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Уручаючы дзяржузнагароды, ён падкрэсліў, што высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці дамагаюцца людзі, у якіх на першым месцы прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы. "Імі рухае жаданне перасягнуць сябе, дамагчыся высокага ўзроўню майстэрства, зрабіць нешта значнае для сваёй краіны, для народа. Для дзяржавы важна бачыць такіх спецыялістаў, падымаць статус, умацоўваць аўтарытэт і па вартасці ацэньваць іх працу", — сказаў Лукашэнка.

Ён падзякаваў работнікам прамысловага сектара эканомікі, адзначыўшы, што ад іх поспехаў "шмат у чым залежыць дынамічнае развіццё краіны".

Лукашэнка таксама адзначыў, што дзякуючы найлепшым спецыялістам аграпрамысловага комплексу Беларусь захавала лідарства на сусветным рынку харчовай прадукцыі.

"Усё гэта было б немагчыма без навуковага суправаджэння. Гэты год адзначаны дасягненнямі і нашых навукоўцаў. Асабліва каштоўныя поспехі ў распрацоўцы і ва ўкараненні інавацыйных тэхналогій у вытворчасць", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, важкі ўнёсак у развіццё эканомікі зрабілі прадстаўнікі будаўнічай сферы, грамадзянскай авіяцыі.

У сваю чаргу супрацоўнікі сілавых структур, адзначыў Лукашэнка, арганізуюць нацыянальную бяспеку і правапарадак.

Сярод тых, каму ўручаныя ўзнагароды, педагогі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, спартсмены, трэнеры, дзеячы культуры і мастацтва.

Узнагароды прадстаўнікам розных сфер ўручаныя "за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, выключныя дасягненні ў сельскай гаспадарцы, значны асабісты ўнёсак у вытворчасць звышцяжкай кар'ернай тэхнікі, развіццё прамысловасці, будаўнічай галіны і грамадзянскай авіяцыі, значныя дасягненні ў сферы аховы здароўя, навуковай дзейнасці, культуры і спорту", паведамляе прэс-служба.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН