Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/26/935541_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.05.2018 07:27
26.12.2017 13:13 Грамадства

З 1 студзеня тэрмін бязвізавага знаходжання іншаземцаў у асобных раёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей працягнуты да 10 дзён

Мінск, 26 снежня. Тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян у асобных раёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей з 1 студзеня 2018 года працягваецца да 10 дзён. Адпаведны ўказ № 462 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян" Аляксандр Лукашэнка падпісаў 26 снежня, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Згодна з дакументам, на тэрыторыях Брэста і Брэсцкай вобласці, Гродна і Гродзенскай вобласці павялічваецца колькасць пунктаў пропуску для бязвізавага ўезду з турыстычнай мэтай у Беларусь замежных грамадзян за кошт пунктаў пропуску, размешчаных на чыгуначных вакзалах і ў аэрапортах.

Да 10 сутак усталёўваецца тэрмін часовага знаходжання з турыстычнай мэтай замежных грамадзян, пашыраюцца тэрыторыі для часовага знаходжання замежных турыстаў. Так, для замежных турыстаў парку "Аўгустоўскі канал" будзе дазволенае знаходжанне на тэрыторыі Гродна і ўсяго Гродзенскага раёна, для наведвальнікаў нацыянальнага парку "Белавежская пушча" — на тэрыторыі турысцка-рэкрэацыйнай зоны "Брэст" (Брэст, Брэсцкі, Жабінкаўскі, Камянецкі і Пружанскі раёны Брэсцкай вобласці, Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці).

Для наведвання Аўгустоўскага канала або турысцка-рэкрэацыйнай зоны "Брэст" замежным грамадзянам варта мець пры сабе сапраўдны дакумент для выезду за мяжу і дакумент, які дае права на індывідуальнае або групавое наведванне адпаведнай тэрыторыі.

Прапанаваны парадак распаўсюджваецца на грамадзян з 77 краін.

"Дакумент прыняты для павышэння эфектыўнасці выкарыстання аб'ектаў турыстычнай інфраструктуры Брэсцкай і Гродзенскай абласцей і далейшага развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва. Указ набывае моц 1 студзеня 2018 года. Паводле прагнозаў, яго рэалізацыя дазволіць павялічыць турыстычны паток і экспарт турыстычных паслуг на 30%", — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.

Цяпер у адпаведнасці з указамі № 115 ад 9 сакавіка 2015 года і № 318 ад 23 жніўня 2016-га ўстаноўлены бязвізавы парадак уезду і часовага знаходжання на тэрмін да трох сутак на тэрыторыі Белавежскай пушчы і на тэрмін да пяці сутак — на тэрыторыі Аўгустоўскага канала і прылеглых да яго тэрыторыях.

8 снежня на выязным пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах у Міры намеснік начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Аляксандр Ганевіч заявіў, што у 2018 годзе плануецца павялічыць да 10 дзён тэрмін бязвізавага ўезду ў Беларусь праз нацыянальны аэрапорт Мінск для грамадзян 80 краін свету. Ён дадаў, што МЗС прапанавала ўсім зацікаўленым ведамствам павялічыць тэрмін бязвізавага знаходжання на час другіх Еўрапейскіх гульняў летам 2019 года да 30 дзён, а пасля гэтага спартыўнага мерапрыемства перайсці на гэты ж тэрмін з магчымасцю замежным грамадзянам прыязджаць праз усе пункты пропуску, але гэтая ініцыятыва пакуль не знайшла падтрымкі ў МУС і КДБ.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН