Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/26/935582_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:41
26.12.2017 16:19 Эканоміка, Грамадства

Нацбанк: Больш за палову насельніцтва лічыць, што ў 2017 годзе цэны выраслі вельмі моцна

Мінск, 26 снежня. 51,8% насельніцтва Беларусі лічыць, што ў 2017 годзе цэны выраслі "вельмі моцна". Такія даныя прыведзеныя ў першым апублікаваным Нацыянальным банкам аналізе інфляцыйных чаканняў, які падрыхтаваны на аснове праведзенага ў лістападзе 2017 года сацыялагічнага апытання. У ім узялі ўдзел 1.000 рэспандэнтаў (мужчыны і жанчыны старэйшыя за 18 гадоў).
Апытанне праводзілася метадам асабістага інтэрв'ю па месцы жыхарства па замове і на аснове распрацаванай Нацыянальным банкам анкеты, у якую ўваходзяць тры блокі пытанняў: кошты, пакупкі, зберажэнні.

Абагульненыя колькасныя паказчыкі якая адчуванай і чаканай інфляцыі прыведзеныя на аснове ацэнкі Нацбанка.

34,8% апытаных адзначылі, што ў 2017 годзе цэны "выраслі ўмерана", 11,2% — нязначна. Адчуваны ўзровень інфляцыі склаў 12,9% (афіцыйны за студзень—лістапад — 4,4%).

60,8% насельніцтва чакае, што цэны "будуць расці гэтак жа інтэнсіўна", 19,5% — "больш павольна, чым цяпер", 16,3% — "хутчэй, чым цяпер". Чаканы ўзровень інфляцыі склаў 11,9%.

Пры ацэнцы спрыяльнасці часу для буйных пакупак 70,3% назвалі яго дрэнным, 62,3% лічаць яго дрэнным і для пакупак у крэдыт.

У 47,3% апытаных за апошнія тры месяцы буйных пакупак не было зусім, 13,2% купілі камп'ютар, планшэт, смартфон; 13% — аддалі буйныя сродкі на лячэнне, па 7,7% — на набыццё або рамонт аўтамабіля; адпачынак, паездкі, у тым ліку за мяжу, куплю жылля. 5,6% выдаткавалі сродкі на адукацыю, 6,4% адзначылі іншыя набыткі.

Дрэнным час для зберажэнняў палічылі 74,4% апытаных, такі ж працэнт аддаюць перавагу для зберажэнняў замежнай валюце. Сярод форм зберажэнняў лідзіруюць наяўныя сродкі (41,3%), далей ідуць дэпазіты (уклады) у банку (29,6%), нерухомасць (16,3%), золата, каштоўнасці, страхаванне (5%), каштоўныя паперы — 2,5%. Іншае адзначылі 5,2%.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН