Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/27/935630_935631/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 11:11
27.12.2017 08:44 Палітыка

Пасол Польшчы: Мы пакуль не змаглі ўбачыць беларускую частку катынскага спіса

Мінск, 27 снежня. У гістарычным дыялогу паміж Польшчай і Беларуссю пакуль застаюцца пытанні, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік польскай дыпмісіі ў Мінску Конрад Паўлік.

"Не сакрэт, што мы стараемся даследаваць лёсы і ўвекавечыць памяць палякаў па нацыянальнасці, і ў першую чаргу польскіх грамадзян, якія пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій, у тым ліку групы польскіх афіцэраў — ахвяр катынскага расстрэлу. Сляды, звязаныя з некаторымі з іх, абрываюцца ў Беларусі. Мы робім гэта не для таго, каб выкарыстаць супраць каго-небудзь, а выключна для таго, каб увекавечыць памяць і загаіць гэтую адкрытую рану, як гэта было зроблена ў дачыненні да ахвяр гэтага злачынства ў Расіі і ва Украіне", — падкрэсліў пасол.

Паводле яго слоў, палякі, "як ніхто іншы, разумеюць, што на гэтых землях у той перыяд беларусы таксама зведалі найбольшыя рэпрэсіі". "Таму ў гэтым пытанні мы павінны рука аб руку шукаць рашэнне, а не выступаць адзін супраць аднаго. І я разлічваю, што менавіта так будзе", — сказаў дыпламат.

Паўлік адзначыў, што пытанне аб доступе да гістарычных дакументаў абмяркоўваецца ў розных фарматах падчас розных візітаў, але пакуль польскі бок не змог азнаёміцца з беларускай часткай катынскага спіса.

Беларускі катынскі спіс — гэта дакумент, які змяшчае імёны не менш чым 3.870 палякаў, забітых НКВД на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе. Польшча беспаспяхова дамагаецца ад Расіі, каб гэты спіс быў знойдзены. Беларускі гісторык Ігар Кузняцоў, а таксама шэраг польскіх спецыялістаў лічаць, што расстраляныя ў 1940 годзе афіцэры польскай арміі могуць быць пахаваныя ў Курапатах.

У кастрычніку 2016 года міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю польскай газеце "Рэч Паспаліта" заявіў, што ў архівах Беларусі няма беларускага катынскага спіса.

"Па запыце нашых польскіх сяброў мы займаліся пытаннямі так званага катынскага спіса, — сказаў Макей. — Нам нядаўна, летам гэтага года, у адпаведнасці з нашымі дамоўленасцямі са спадаром Вашчыкоўскім (міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. — БелаПАН.) польскія сябры перадалі тры спісы, па якіх яны хацелі б атрымаць адказ. Мы паглядзелі ў нашых архівах, нейкія рэчы нам удалося адшукаць, і нейкую інфармацыю мы перададзім на сустрэчах, якія маюць адбыцца са спадаром Вашчыкоўскім і іншымі афіцыйнымі прадстаўнікамі. Але што тычыцца катынскага спіса, то мы ўжо па даручэнні нашага прэзідэнта два разы перагледзелі ўсе архівы, у тым ліку архівы спецслужбаў, і хачу адназначна сказаць, што ў нашых архівах такога спіса не існуе. Трэба вывучыць метады дзейнасці сталінскай спецслужбы НКВД. Я думаю, не заўсёды ўсе дакументы захоўваліся на рэгіянальных узроўнях. Магчыма, ёсць нейкія дакументы, якія захоўваюцца толькі ў цэнтральным архіве".

Між тым на прэс-канферэнцыі для беларускіх і замежных СМІ 15 студзеня 2013 года ў Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі "ніколі не расстрэльвалася польскае насельніцтва".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239