Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/27/935633_935634/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:28
27.12.2017 08:53 Грамадства, Палітыка

Пасол Польшчы: Нас хвалююць усе факты абмежаванняў працы журналістаў у Беларусі

Мінск, 27 снежня. "Нас хвалююць усе факты абмежаванняў працы журналістаў у Беларусі", — заявіў пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік у інтэрв'ю БелаПАН, адказваючы на пытанне, ці адсочвае пасольства сітуацыю з пераследам журналістаў-фрылансераў.

"У Польшчы, напрыклад, акрэдытацыя для ажыццяўлення журналісцкай дзейнасці не патрабуецца і ніхто не карае за адсутнасць акрэдытацыі, у тым ліку беларускіх журналістаў, якія працуюць у Рэспубліцы Польшча. Але ў кожнай краіны свой падыход да гэтага пытання і сваё заканадаўства", — дадаў пасол.

Беларускія журналісты-фрылансеры, якія супрацоўнічаюць без акрэдытацыі з польскім тэлеканалам "Белсат", караюцца буйнымі штрафамі. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), агульная сума штрафаў у 2017 годзе склала каля 50 тысяч рублёў (каля 25 тысяч долараў).

Журналістаў "Белсата" абвінавачваюць па ч. 2 арт. 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ), штрафы па ёй вар'іруюцца ад 20 да 50 базавых велічынь. Юрыдычная служба БАЖ неаднаразова звяртала ўвагу на тое, што па законе да фізічных асоб, якімі з'яўляюцца журналісты, арт. 22.9 прымяняцца не можа — яго дзеянне распаўсюджваецца толькі на юрыдычных асоб.

"Белсат" з'яўляецца структурным падраздзяленнем Польскага тэлебачання (TVP). Ён быў створаны ў 2007 годзе па дамове паміж TVP і МЗС Польшчы як тэлеканал, які вяшчае на Беларусь са спадарожніка.

"Белсат" неаднаразова падаваў у беларускае МЗС дакументы для рэгістрацыі карпункта ў Беларусі, але атрымліваў адмовы на падставе таго, што супрацоўнікі тэлеканала працуюць у краіне без акрэдытацыі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН