Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/27/935634_935635/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:16
27.12.2017 08:59 Палітыка, Грамадства

Запуск малога памежнага руху выгадны і Беларусі, і Польшчы, лічыць польскі пасол

Мінск, 27 снежня. Польшча цалкам гатовая да запуску малога памежнага руху (МПР) і чакае канчатковага падпісання дакументаў з беларускага боку, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН польскі пасол у Беларусі Конрад Паўлік.

Паводле яго слоў, Польшча завяршыла ўсе неабходныя працэдуры яшчэ некалькі гадоў таму. "Мы гатовыя ўкараніць малы памежны рух. Ініцыятыва належыць выключна беларускаму боку, — падкрэсліў дыпламат. — Пры гэтым варта звярнуць увагу на тое, што малы памежны рух — гэта карысць для абодвух бакоў. Я перакананы, што ў выпадку яго ўкаранення многія палякі захацелі б наведаць Беларусь праз усе пункты пропуску і на працягу ўсёй памежнай зоны, што, безумоўна, прынесла б пэўную выгаду беларускай эканоміцы".

"У сваю чаргу, — дадаў Конрад Паўлік, — мы адзначаем прагрэс у пытанні бязвізавага рэжыму для асоб, якія прыбываюць на Аўгустоўскі канал, у Белавежскую пушчу і ў аэрапорт Мінск, што пашырае ўзаемадзеянне паміж нашымі краінамі і адначасова з'яўляецца свайго роду лакальным малым памежным рухам з беларускага боку. Дзякуючы бязвізаваму рэжыму да канца года Беларусь можа наведаць каля 50 тысяч палякаў — гэта вялікая лічба".

Паводле слоў дыпламата, штогод 400 тысяч беларусаў атрымліваюць візы ў польскіх консульствах. Гаворка ідзе і пра нацыянальныя польскія, і пра шэнгенскія візы, удакладніў ён. "Для нас важна, каб усе, у каго ёсць рэальныя прычыны наведвання нашай краіны (службовыя ці асабістыя), маглі гэта зрабіць", — падкрэсліў пасол.

Дамову аб малым памежным руху Беларусь і Польшча падпісалі ў лютым 2010 года. У маі 2010-га дакумент быў ратыфікаваны польскім парламентам і падпісаны прэзідэнтам Браніславам Камароўскім. Беларускі парламент ратыфікаваў дамову ў лістападзе таго ж года, а 1 снежня дакумент падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Тым не менш беларускі бок так і не пачаў рэалізацыю дамоўленасцяў з Польшчай. Не было запушчана і аналагічнае пагадненне з Літвой.

У лістападзе 2015 года старшыня Дзяржпагранкамітэта Леанід Мальцаў заявіў, што малы памежны рух Беларусі з Літвой і Польшчай запрацуе пасля стварэння неабходнай памежнай інфраструктуры.

Удзельнікамі МПР з'яўляюцца жыхары населеных пунктаў у 50-кіламетровай зоне па абодва бакі мяжы.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН