Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/27/935635_935636/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:39
27.12.2017 09:04 Грамадства

За два гады колькасць дазволаў на працу ў Польшчы, якія выдаюцца беларусам, вырасла ўтрая

Мінск, 27 снежня. За першае паўгоддзе 2017 года беларусам выдадзена каля 25 тысяч дазволаў на працу ў Польшчы, паведаміў у інтэрв'ю БелаПАН пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.

Паводле яго слоў, за ўвесь 2016 год было выдадзена 23 тысячы дазволаў, а ў 2015 годзе — 8 тысяч.

"Гэта не азначае, што ўсе, хто атрымае такі дазвол, прыязджаюць потым на працу. Але гэта паказвае больш-менш маштаб зацікаўленасці занятасцю грамадзян Беларусі ў Польшчы", — дадаў пасол.

Пры гэтым ён адзначыў: выпадкі, калі беларусы атрымліваюць карту паляка, а затым эмігруюць у Польшчу, адзінкавыя. "Калі хто-небудзь хоча з'ехаць за мяжу, ён з'едзе. Яму для гэтага не патрэбна карта паляка", — адзначыў Паўлік.

Закон аб карце паляка набыў моц 31 сакавіка 2008 года. За гэты час у Беларусі карту паляка атрымалі каля 100 тысяч чалавек. Паводле слоў кіраўніка польскай дыпмісіі, апошнія гады колькасць зваротаў па карты трымаецца на стабільным узроўні — каля 10 тысяч чалавек у год. "Мне б не хацелася, каб гэтае пытанне перабольшвалася, яно зусім не маштабнае", — падкрэсліў дыпламат.

Карта паляка пацвярджае прыналежнасць грамадзяніна краін СНД і Балтыі да польскага народа. Яе ўладальнік мае права на атрыманне доўгатэрміновай шматразовай візы на знаходжанне ў Польшчы, легальную працу на тэрыторыі Польшчы без атрымання дазволу на працу, занятак прадпрымальніцкай дзейнасцю нароўні з польскімі грамадзянамі і іншыя льготы.

У ліпені 2014 года Канстытуцыйны суд Беларусі прызнаў адпаведнымі Канстытуцыі папраўкі ў беларускае заканадаўства, якія забараняюць ратавальнікам і вайскоўцам атрымліваць карту паляка і карыстацца ёй. Такое палажэнне ўтрымліваецца ў рашэнні КС № Р-933/2014 ад 20 чэрвеня 2014 года, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Аналагічныя абмежаванні былі ўведзеныя ў 2012—2013 гадах у дачыненні да дзяржслужачых, ваенных і супрацоўнікаў міліцыі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН