Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/27/935641_935642/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:42
27.12.2017 09:10 Палітыка, Грамадства

Пасол Польшчы: Мы не збіраемся купляць электраэнергію з Астраўца, але не хочам палітызаваць пытанне будаўніцтва Беларускай АЭС

Мінск, 27 снежня. Польшча практычна самадастатковая ў вытворчасці электраэнергіі і не мае намеру набываць яе за мяжой, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.

"Мы не збіраемся купляць электраэнергію з Астраўца (дзе будуецца беларуская АЭС. — БелаПАН.), але не хочам палітызаваць пытанне будаўніцтва гэтай станцыі. Пры гэтым, вядома, пытанні бяспекі маюць для нас вялікае значэнне", — падкрэсліў пасол.

Паўлік адзначыў, што рашэнне аб дэмантажы лініі электраперадачы Беласток — Рось не накіравана супраць Беларусі ці каго-небудзь. "Польшча практычна самадастатковая ў вытворчасці электраэнергіі і не мае намеру набываць яе за мяжой. Мы хочам павялічваць свае магутнасці, што ў нашым выпадку, на шчасце, цалкам здзяйсняльна", — дадаў дыпламат.

На пытанне, ці падзяляе Польшча асцярогі Літвы з нагоды бяспекі беларускай АЭС, Конрад Паўлік адказаў: "Для нас важна, каб усе такога віду праекты былі бяспечнымі. Мы на гэтае пытанне звяртаем увагу і яго самастойна ацэньваем".

Лінія электраперадачы Беласток — Рось была пабудавана ў 1962 годзе і працавала да 1994 года. У 2000—2005 гадах РАТ "ЕЭС Расіі" задзейнічала яе для транспарціроўкі электраэнергіі па мосце Расія — Беларусь — Польшча — Германія.

У сярэдзіне 2000-х гадоў "Белэнерга" вяло перамовы з "Польскімі электрасеткамі" аб пастаўках электраэнергіі з Бярозаўскай ГРЭС. Тады ж Беларусь накіравала ў Еўракамісію свае прапановы па стварэнні электраэнергетычнага транспартнага кальца з ЕС. Але праект так і не быў рэалізаваны.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН