Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/27/935718_550236/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 10:17
27.12.2017 13:11 Грамадства, Эканоміка

Дзяржорганы плануюць у 2018 годзе падрыхтаваць стандарты ў галіне бізнес-адукацыі

Мінск, 27 снежня. У Беларусі зацверджаны план працы рэспубліканскага савета па развіцці сістэмы бізнес-адукацыі на 2018 год. Дакумент падпісаны міністэрствамі эканомікі, працы і сацыяльнай абароны і адукацыі.

Як паведамляе прэс-служба Мінэканомікі, прадугледжваецца, што 2018 год савет прысвеціць распрацоўцы і актуалізацыі прафесійных і адукацыйных стандартаў у галіне бізнес-адукацыі, фармаванню сістэмы добраахвотнай акрэдытацыі суб'ектаў рынку бізнес-адукацыі, а таксама прыцягненню міжнароднай тэхнічнай дапамогі для мадэрнізацыі сістэмы бізнес-адукацыі ў Беларусі.

Рэспубліканскі савет па развіцці сістэмы бізнес-адукацыі створаны ў чэрвені 2017 года. Дарадчы орган заснаваны для выпрацоўкі ўзгодненых прапаноў аб дзяржаўным рэгуляванні сферы, каардынацыі яе развіцця і ацэнкі якасці паслуг. Савет можа распрацоўваць, разглядаць і аналізаваць праекты нарматыўных актаў, якія тычацца бізнес-адукацыі, рыхтаваць прапановы аб павышэнні эфектыўнасці дзяржпалітыкі ў гэтай сферы, а таксама аб мэтазгоднасці прыцягнення міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Савет узначальваюць міністры эканомікі Уладзімір Зіноўскі, адукацыі Ігар Карпенка і працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. У яго складзе 26 чалавек, палова з іх прадстаўнікі бізнес-супольнасці.

Канцэпцыя фармавання і развіцця сістэмы бізнес-адукацыі і план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі былі зацверджаныя ўрадам у жніўні 2015 года. Патэнцыйная ёмістасць рынку кароткатэрміновай бізнес-адукацыі Саветам міністраў ацэньваецца ў 5,5 млн долараў ЗША. "З улікам жа кошту навучання па праграмах МВА (да 150 слухачоў у год, сярэдні кошт навучання ў Беларусі — да 10 тыс. долараў ЗША) сукупны гадавы аб'ём рынку бізнес-адукацыі можа быць спрагназаваны ў памеры, эквівалентным 7 млн долараў ЗША", — сказана ў канцэпцыі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239