Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/27/eu_eu_935629_935630/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:25
27.12.2017 08:36 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Пасол Польшчы: Адмена санкцый стала імпульсам для развіцця нашых адносін

Мінск, 27 снежня. Адмена санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі стала імпульсам для развіцця польска-беларускіх адносін ва ўсіх сферах, заявіў у інтэрв`ю БелаПАН пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.
"Адмену санкцый падтрымалі ўсе краіны — члены ЕС — гэта быў наш агульны поспех. Дадам, што адмена санкцый стала адказам на канкрэтныя захады Беларусі — вызваленне палітвязняў і спакойнае правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе, — сказаў ён. — Амаль паўтара года таму пачаўся перыяд нармалізацыі адносін, і я хацеў бы, каб яна ахоплівала як мага больш сфер — у ідэале ўсе. Думаю, мы на правільным шляху, хоць нам усё яшчэ шмат чаго трэба зрабіць".

Паводле ацэнкі дыпламата, двухбаковыя адносіны становяцца ўсё больш ажыўленымі. "У пасольстве нам няма калі сумаваць, часта, улічваючы дынаміку адносін, не хапае супрацоўнікаў, каб усё зрабіць", — сказаў Паўлік.

Пасол таксама адзначыў актыўнае развіццё эканамічнага і трансгранічнага супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў сферы культуры, аховы здароўя, адукацыі, транспарту, інфраструктуры, лагістыкі.

"Што датычыцца сфер, у якіх мы дасягнулі найбольшых поспехаў, гэта перш за ўсё эканоміка. Напрыклад, тавараабарот паміж Польшчай і Беларуссю за апошні год вырас амаль на 20%. Я перакананы, што адна з прычын — паляпшэнне палітычных адносін паміж нашымі краінамі. Падобная да гэтай сітуацыя назіраецца і ў іншых сферах, хоць у іх вынікі не такія паказальныя", — сказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, ёсць прыклады паспяховых беларуска-польскіх сумесных праектаў па вытворчасці прамтавараў, мэблі, будаўнічых матэрыялаў, якія працуюць як на беларускім рынку, так і на рынку трэціх краін. Сярод такіх праектаў Паўлік назваў кампаніі "Белпласт", "МадэрнЭкспа", "Тайфун Атлас", "Снежку".

"Можна сказаць, што дзелавы клімат у Беларусі паляпшаецца, гэта пацвярджае дынамічны рост аб`ёму польскіх інвестыцый. У гэтым годзе ў параўнанні з мінулым вырас на 40%", — адзначыў пасол.

"Важна, каб працэс нармалізацыі адносін падтрымлівалі абодва бакі і імкнуліся яго захаваць, стараліся нарошчваць супрацоўніцтва і вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць", — падкрэсліў Конрад Паўлік.

Поўная версія інтэрв`ю апублікавана ў інтэрнэт-газеце БелаПАН Naviny.by ("Белорусские новости").
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239