Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/29/936169_936170/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 22:35
29.12.2017 21:32 Эканоміка, Фінансы

Нацбанк Беларусі ў 2018 годзе выпусціць у абарачэнне 11 найменняў памятных манет

Мінск, 29 снежня. Пастановай праўлення Нацыянальнага банка зацверджаны пералік памятных манет (з'яўляюцца законным плацежным сродкам Беларусі), што плануюцца да выпуску ў абарачэнне ў 2018 годзе.

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацбанка, у сувязі са 100-годдзямі з дня ўтварэння Узброеных Сіл, унутраных войскаў, пагранічнай службы і фінансавай сістэмы Рэспублікі Беларусь плануецца выпусціць у абарачэнне памятныя манеты, прысвечаныя гэтым знамянальным датам.

Стала ўжо традыцыяй выпускаць памятныя манеты, прысвечаныя птушцы года, якую вызначае грамадскае аб'яднанне "Ахова птушак Бацькаўшчыны". У 2018 годзе такой птушкай абраны чорнагаловых шчыгел. Памятная манета "Чорнагаловы шчыгел" стане 12-й у межах серыі памятных манет "Птушка года".

Паводле кітайскага календара 2019 год — год Свінні. У працяг серыі "Кітайскі каляндар" у 2018 годзе будзе выпушчана памятная манета "Год Свінні".

Вялікай папулярнасцю карыстаецца серыя памятных манет "Помнікі архітэктуры Беларусі". У рамках гэтай серыі плануецца выпуск памятных манет "Сафійскі Сабор у Полацку", прысвечаных помніку архітэктуры XI—XVIII стагоддзяў.

У 2018 годзе будзе працягнуты выпуск памятных манет "Свет вачыма дзяцей".

Манеты спартыўнай тэматыкі традыцыйна папулярныя ў Беларусі і за мяжой. З 9 па 25 лютага 2018 года ў горадзе Пхёнчхан (Рэспубліка Карэя) пройдуць XXIII зімовыя Алімпійскія гульні. Да гэтай падзеі Нацыянальны банк выпусціць памятныя манеты "Алімпійскія гульні 2018 года".

У 2018 годзе Нацбанк працягне выпуск памятных манет серыі "Заказнікі Беларусі", выпусціўшы памятныя манеты "Заказнік "Котра ".

Для адлюстравання на памятных манетах тэматыкі нацыянальнага дойлідства як адной з самых важных частак матэрыяльнай і духоўнай спадчыны Нацыянальны банк адкрывае серыю памятных манет "Архітэктурная спадчына Беларусі" з выявамі на памятных манетах помнікаў архітэктуры.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239