Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/31/936233_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.05.2018 07:35
31.12.2017 12:12 Эканоміка, Фінансы

Лукашэнка зацвердзіў параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2018 годзе

Мінск, 31 снежня. Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця і параметры грашова-крэдытнай палітыкі ў 2018 годзе.
Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, 31 снежня падпісаныя ўказы "Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2018 год", "Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2018 год", "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год", "Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь" і "Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2018 год".

Асноўнымі мэтамі 2018 года з'яўляюцца "павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі, забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага росту і стварэнне дадатковых умоў для яго паскарэння ў наступныя гады".

Указам устанаўліваецца "пералік найважнейшых параметраў", якія з'яўляюцца "ключавымі паказчыкамі эфектыўнасці работы ўрада і Нацыянальнага банка".

Прагназуецца, што валавы ўнутраны прадукт у 2018 годзе вырасце на 3,5%, экспарт тавараў і паслуг — на 5,7%. "Практычна нулявы знешнегандлёвы баланс гарантуе стабільнасць рэсурснага забеспячэння эканомікі ва ўмовах чаканых выплат па знешнім доўгу і фарміраванне золатавалютных рэзерваў дзяржавы", — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

Нацыянальнаму банку і ўраду даручана прыняць неабходныя меры па абмежаванні у 2018 годзе росту цэн не больш чым на 6%.

"Пры падпісанні ўказа кіраўніком дзяржавы пастаўленыя ключавыя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця. У тым ліку аб збалансаванасці плацежнага балансу, далейшай краінавай і таварнай дыверсіфікацыі. Ураду даручана забяспечыць далейшы эканамічна абгрунтаваны рост зарплат у рэспубліцы на аснове стварэння перш за ўсё высокапрадукцыйных працоўных месцаў", — падкрэсліваецца ў рэлізе.

У 2018 годзе павінна быць скарочана міжрэгіянальная дыферэнцыяцыя ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва. Паскорыцца праца "па паляпшэнні эканамічнай сістэмы краіны з мэтай забеспячэння доўгатэрміновых крыніц эканамічнага росту, стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, нарошчвання экспартнага патэнцыялу". Як працяг работы па стымуляванні дзелавой і інвестыцыйнай актыўнасці "будзе фарміравацца сістэма гарантый для інвестараў".

Грашова-крэдытная палітыка "захавае стратэгічную накіраванасць на забеспячэнне цэнавай стабільнасці як аснову ўстойлівага і збалансаванага развіцця эканомікі".

У 2018 годзе працягнецца правядзенне грашова-крэдытнай палітыкі ў рэжыме манетарнага таргетавання. Прырост сярэдняй шырокай грашовай масы прагназуецца на ўзроўні 9—12% (снежань 2018 года да снежня 2017 года).

У межах пераходу ў сярэднетэрміновым перыядзе да рэжыму інфляцыйнага таргетавання будзе зменены аперацыйны арыенцір: з 2018 года замест рублёвай грашовай базы прадугледжваецца выкарыстанне працэнтнай стаўкі па аднадзённых міжбанкаўскіх крэдытах у нацыянальнай валюце.

Працэнтная палітыка будзе праводзіцца з улікам неабходнасці дасягнення мэтавага паказчыка па інфляцыі. Пры фарміраванні спрыяльных умоў захаваецца накіраванасць працэнтнай палітыкі на паступовае зніжэнне намінальных працэнтных ставак у эканоміцы. У рэальным выражэнні працэнтныя стаўкі плануецца падтрымліваць на станоўчым узроўні, "які садзейнічае росту зберажэнняў у нацыянальнай валюце, забеспячэнню фінансавай стабільнасці, устойліваму развіццю эканомікі".

З улікам пагашэння урадам і Нацыянальным банкам ўнутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце міжнародныя рэзервовыя актывы на канец 2018 года складуць "не менш за 6 млрд долараў ЗША".

У 2018 годзе захаваецца агульная накіраванасць на лібералізацыю валютнай сістэмы па меры фарміравання адпаведных спрыяльных умоў. Прадоўжыцца рэалізацыя мер па зніжэнні ўзроўню даларызацыі эканомікі.

Па выніках 11 месяцаў 2017 года прырост ВУП склаў 2,2%, спажывецкія цэны павялічыліся на 4,4%.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН