Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/01/936272_123456/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 06:28
01.01.2018 11:51 Грамадства

Лукашэнка: У 2017 годзе прыняты рашучыя меры па ўдасканаленні эканомікі, што немінуча прывядзе да змены нашага грамадства

Мінск, 1 студзеня. "У адыходзячым годзе намі прыняты рашучыя меры па ўдасканаленні эканомікі, што немінуча прывядзе да змены нашага грамадства", — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў навагоднім звароце да народа.

"Мы рызыкнулі зазірнуць за гарызонт, паставілі перад краінай мэты заўтрашняга дня. Дасягнуць іх — справа многіх гадоў, — сказаў беларускі кіраўнік. — У гэтай сувязі мой зварот да моладзі: рызыкуйце, тварыце. Для вас адчынены ўсе дзверы. Вы абавязаныя ўзяць гэтую неймаверна цяжкую вышыню. За вамі будучыня краіны".

Пры гэтым афіцыйны лідар папярэдзіў "старэйшае пакаленне", што "думаць пра спакой не атрымаецца". "Вы нам патрэбныя асабліва цяпер. Патрэбны ваш вопыт, веды, мудрасць. Менавіта вы павінны дапамагчы маладым у працэсе складанага руху наперад, зберагчы іх ад неабгрунтаванага імкнення зрабіць усё за імгненне, небяспекі адарвацца ад рэальнага жыцця і патраціць час на бескарыснае. Зараз дарагі кожны дзень для стваральнай працы. Наперадзе ў нас шмат важных спраў ва ўсіх сферах жыцця краіны", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, 2018 год — напярэдадні вялікіх спартыўных падзей міжнароднага маштабу. "Да нас прыедуць тысячы гасцей, — адзначыў беларускі кіраўнік, маючы на ўвазе запланаваныя на 2019 год у Мінску II Еўрапейскія гульні. — І як сапраўдныя гаспадары беларускай зямлі мы аб'яднаемся і прывядзем наш агульны дом у належны парадак".

"Беларусь заўсёды славілася чысцінёй, добраўпарадкаванасцю гарадоў і вёсак, гасціннасцю людзей. Але цяпер нам трэба перавысіць саміх сябе. Трэба зрабіць краіну ўзорнай. Каб кожны госць надоўга захаваў у душы цёплыя ўспаміны пра яе. Каб мы маглі яшчэ больш ганарыцца сваёй Радзімай — дагледжанай, утульнай для жыцця, дружалюбнай і паважанай у свеце", — заявіў Лукашэнка.

"Пераемнасць, павага да заслуг кожнага чалавека, роўнасць і справядлівасць" ён назваў "асноўнымі прынцыпамі нашай дзяржавы".

"Беларусь — краіна, накіраваная ў будучыню. Аснова нашага развіцця — высокія тэхналогіі, навука. Гэта так. Але заўсёды будзе запатрабавана праца рабочага і селяніна. Дзякуючы іх намаганням мы сёння за багатым святочным сталом", — адзначыў афіцыйны лідар.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН