Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/03/936383_112255/
Дата раздрукоўкі: 18.06.2018 03:19
03.01.2018 13:09 Эканоміка, Грамадства

Зацверджана канцэпцыя ўдасканалення і развіцця ЖКГ да 2025 года

Мінск, 3 студзеня. Савет міністраў Беларусі зацвердзіў канцэпцыю ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 года пастановай ад 29 снежня 2017 года № 1037, паведаміла прэс-служба ўрада.
Ва ўрадзе нагадалі, што ключавыя аспекты працы ЖКГ былі разгледжаныя 19—20 кастрычніка мінулага года на рэспубліканскім семінары "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны" з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Паводле вынікаў семінара былі выпрацаваныя галоўныя напрамкі павышэння эфектыўнасці працы ЖКГ, якія пакладзеныя ў аснову канцэпцыі ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 года.

Для вырашэння праблем ЖКГ канцэпцыяй вызначаныя наступныя найважнейшыя напрамкі ўдасканалення і развіцця сферы: павышэнне якасці жыллёва-камунальных паслуг і зніжэнне выдаткаў на іх аказанне насельніцтву, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання жыллёвага фонду і інфраструктуры ЖКГ; удасканаленне сістэмы абыходжання з ЦКА і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі; падтрыманне і далейшае паляпшэнне добраўпарадкавання населеных пунктаў. Акрамя таго, сярод найважнейшых напрамкаў названыя ўдасканаленне сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва і тарыфнай палітыкі ў сферы аказання паслуг, удасканаленне сістэмы фінансавання ЖКГ і прыцягненне інвестыцый, навуковае забеспячэнне развіцця, а таксама павышэнне эфектыўнасці структуры кіравання, стварэнне пазітыўнага іміджу і прэстыжнасці працы ў гэтай сферы.

Як адзначыла прэс-служба, рэалізацыя канцэпцыі дасць магчымасць забяспечыць: эфектыўнае кіраванне ЖКГ; даступнасць усіх відаў жыллёва-камунальных паслуг; павышэнне іх якасці і зніжэнне выдаткаў на іх аказанне; удасканаленне механізму планавання наяўнай дзейнасці і павышэння эканамічнай эфектыўнасці функцыянавання арганізацый ЖКГ; стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы ЖКГ; павышэнне прафесійнага ўзроўню кадравага складу; удасканаленне механізмаў стымулявання працы работнікаў сферы.

Для ацэнкі ходу рэалізацыі канцэпцыі ўстаноўленыя мэтавыя індыкатары.

Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі даручана забяспечыць каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў па рэалізацыі канцэпцыі, а таксама сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, іншымі зацікаўленымі ў месячны тэрмін распрацаваць і ўнесці ў Савет міністраў план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі.

На нарадзе 20 кастрычніка 2017 года Аляксандр Лукашэнка забараніў ўраду павышаць у 2018 годзе тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі без узгаднення з ім. "Стаўлю задачу для ўсіх: з 2018 года праводзіцца разавае павышэнне тарыфаў толькі на 5 долараў і ў далейшым — ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць пад`ёмнымі для народа. У гэтай сувязі ўраду, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручаю дэталёва праверыць. І 1 студзеня 2018 года зацвердзім тарыфы рашэннем прэзідэнта", — заявіў ён. Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі ў пачатку года тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі традыцыйна павышаюцца на 5 долараў у эквіваленце і індэксуюцца ва ўвязцы з ростам даходаў насельніцтва.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "нельга бударажыць насельніцтва размовамі аб стопрацэнтнай кампенсацыі кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня". "Гэтае пытанне ў тым ліку і палітычнае, спешка тут недапушчальная. Мы палічым спачатку тарыфы дакладна, каб энергетыкі, тыя, хто ваду падае, не жыравалі і не вырашалі свае праблемы за кошт насельніцтва. І тады прымем рашэнне, калі будзем выходзіць і як будзем выходзіць на стопрацэнтную аплату. Я перакананы: калі мы вельмі дакладна палічым, ужо з трэцяга заходу, гэтыя тарыфы, то працэнт кампенсацыі будзе вельмі высокім. Магчыма, і 90%", — заявіў Лукашэнка.

"Задаволенасць людзей узроўнем, якасцю, даступнасцю жыллёва-камунальных паслуг наўпрост уплывае на сацыяльна-палітычнае становішча і настроі ў грамадстве. Гэта вельмі важна", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН