Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/04/936613_550123/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 09:05
04.01.2018 16:48 Грамадства

У Светлагорску звольненая выхавальнік дзіцячага сада, адкуль збеглі тры хлопчыкі

Мінск, 4 студзеня. Звольненая выхавальнік светлагорскага дзіцячага сада № 21, адкуль збеглі тры хлопчыкі, паведамілі БелаПАН у прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.

У міністэрстве таксама адзначылі, што створаная камісія для расследавання інцыдэнту. "Пытанне аб адпаведнасці пасадзе загадчыка яслі-сада № 21 будзе разгледжанае пасля заканчэння расследавання. Выхавальнік звольненая згодна з дэкрэтам № 5 ад 15 снежня 2014 года "Аб узмацненні патрабаванняў да кадраў кіравання і работнікаў арганізацый". Абвешчаная вымова начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама", — паведамілі ў прэс-цэнтры.

Выпадак пракаментаваў міністр адукацыі Ігар Карпенка, назваўшы яго "абуральным". "Гэта вынік найгрубейшага парушэння педагагічнымі работнікамі сваіх службовых абавязкаў, фармальнага стаўлення да бяспечнага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі, адсутнасці кантролю з боку кіраўніка і выхавальніка ўстановы за арганізацыяй бяспекі выхаванцаў", — падкрэсліў ён.

Міністэрства адукацыі накіравала ў аблвыканкамы, Мінгарвыканкам і рай(гар)выканкамы ліст "Аб узмацненні адказнасці за стварэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі". "Намі звернутая ўвага на неабходнасць прыняцця неадкладных мер па выключэнні выпадкаў нядбалага стаўлення педагагічных работнікаў да сваіх службовых абавязкаў", — падкрэсліў міністр.

У Светлагорску 3 студзеня тры хлопчыкі трох-чатырох гадоў пайшлі з дзіцячага сада № 21 і адправіліся на дызель-цягніку ў Жлобін. У дашкольную ўстанову ў 17.30 прыйшоў бацька аднаго з хлопчыкаў, але не знайшоў дзіця. У 18.11 паступіла паведамленне, што дзеці знойдзеныя работнікамі чыгункі ў цягніку, які ехаў у Жлобін. Калі цягнік прыбыў на канцавую станцыю, памочнік машыніста разам з міліцыянерамі адвялі дзяцей у апорны пункт.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН