Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/05/936713_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.08.2019 12:44
05.01.2018 10:52 Грамадства

У Пінску ўчынены разбойны напад на кватэру прадпрымальніка, двое падазроных параненыя

Мінск, 5 студзеня. У Пінску ўвечары 4 студзеня чацвёра невядомых у масках, узламаўшы дзверы, праніклі ў дом індывідуальнага прадпрымальніка, звязалі скотчам яго жонку і 11-гадовую дачку і пад пагрозай прымянення агнястрэльнай зброі завалодалі адзінаццаццю з паловай тысячамі долараў. Пра гэта паведамляе МУС Беларусі.

У 21.20 гаспадар дома здолеў скарыстацца ахоўнай сігналізацыяй, націснуўшы "трывожную кнопку". У 21.24 на месца здарэння прыбыў нарад аддзела дэпартамента аховы МУС, супрацоўнікам якога нападнікі аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі завалодаць табельнай зброяй.

Для спынення супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікі міліцыі ўжылі агнястрэльную зброю, абясшкодзіўшы двух злачынцаў.

"У выніку слушных прафесійных дзеянняў супрацоўнікаў дэпартамента аховы нападнікі — двое мужчын 1985 і 1989 гадоў нараджэння — былі затрыманыя і неадкладна шпіталізаваны ў лячэбную ўстанову, дзе цяпер знаходзяцца пад узмоцненым канвоем", — гаворыцца ў паведамленні МУС.

Гаспадар дома і члены яго сям'і не пацярпелі.

Пазней былі затрыманыя яшчэ двое нападнікаў.

Па факце разбойнага нападу распачатая справа па ч. 2 арт. 207 Крымінальнага кодэкса.

На месцы разбойнага нападу працуе следча-аператыўная група сумесна са спецыялістамі Пінскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Для высвятлення абставін здарэння экспертамі-крыміналістамі і экспертамі-біёлагамі ГКСЭ праведзенае папярэдняе даследаванне аб'ектаў, выяўленых на месцы разбойнага нападу.

Цяпер з месца здарэння ўзятыя сляды біялагічнай характару, два прадметы візуальна падобныя да пісталетаў, а таксама ружжо, што належала зламыснікам, сляды іх абутку і рук. Прызначаны шэраг экспертыз: трасалагічныя, судова-генетычныя, балістычныя, дактыласкапічныя.

Агляд месца здарэння працягваецца.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН