Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/05/936723_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.06.2018 03:19
05.01.2018 11:51 Грамадства

Генпракуратура Беларусі сумняваецца ў наяўнасці прыкмет шпіянажу ў дзеяннях Юрыя Палітыкі, які знаходзіцца пад вартай у Чарнігаве

Мінск, 5 студзеня. Генеральная пракуратура Беларусі пракаментавала сітуацыю з затрыманнем у чэрвені 2017 года ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы 32-гадовага беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі.
Як паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі Генпракуратуры Беларусі, у Мінск паступала просьба ад упраўлення Службы бяспекі Украіны ў Чарнігаўскай вобласці аб аказанні прававой дапамогі па крымінальнай справе, якая расследуецца ў дачыненні да беларускага грамадзяніна па ч. 1 арт. 114 КК Украіны (шпіянаж).

Як вынікала са звароту ўкраінскага боку, Юрый Палітыка, "дзейнічаючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі, што ўяўлялі дзяржаўную таямніцу, у сферы абараназдольнасці Украіны аб ходзе правядзення антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона".

Юрый Палітыка быў затрыманы Службай бяспекі Украіны 16 чэрвеня ў аўтобусе Чарнігаў — Гомель у пункце пропуску "Новыя Ярылавічы" Чарнігаўскага памежнага атрада.

Беларускі бок адмовіў у прававой дапамозе СБУ, "бо паўсталі абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкмет шпіянажу ў дзеяннях Палітыкі", паведамілі ў Генпракуратуры. У прыватнасці, як адзначылі ў ведамстве, "была атрыманая дадатковая інфармацыя, згодна з якой файл са звесткамі быў загружаны ў тэлефон не самім Палітыкам Ю.А., а яго ўкраінскім таварышам, якія дзейнічаў пад кантролем Службы бяспекі Украіны. Вялікія сумневы выклікаў і вывад украінскага боку аб сакрэтнасці гэтай інфармацыі".

Акрамя таго, як асабліва звярнулі ўвагу ў Генпракуратуры, "падчас гутаркі з супрацоўнікам консульскай установы Рэспублiкi Беларусь Палітыка паведаміў пра факты прымянення да яго недазволеных метадаў следства ў выглядзе актыўнага псіхаэмацыйнага ўздзеяння, катаванняў, пагроз і шантажу".

"Сукупнасць выкладзеных фактаў дазволіла прыйсці да высновы аб тым, што гэтая крымінальная справа мае палітычны падтэкст", — падкрэслілі ў Генпракуратуры.

У сувязі з гэтым генпракурор Беларусі накіраваў ліст у адрас свайго ўкраінскага калегі з просьбай арганізаваць праверку законнасці затрымання Юрыя Палітыкі, абгрунтаванасці распачынання ў дачыненні да яго крымінальнай справы і кваліфікацыі ўчыненых ім дзеянняў як шпіянаж. Асобна была акцэнтаваная ўвага на прымяненне да затрыманага "недазволеных метадаў следства, у тым ліку катаванняў і зняваг".

Разгледзеўшы гэты ліст, Генпракуратура Украіны прыйшла да высновы аб абгрунтаванасці затрымання і падазравання Юрыя Палітыкі ва ўчыненні шпіянажу, а таксама пра адсутнасць падстаў для яго вызвалення з-пад варты.

Пры гэтым, паводле звестак генпракурора Украіны, па выкладзеных у лісце фактах прымянення да Юрыя Палітыкі недазволеных метадаў следства ваеннай пракуратурай Чарнігаўскага гарнізона 27 кастрычніка пачатае дасудовае расследаванне па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 365 КК (перавышэнне службовых паўнамоцтваў работнікам праваахоўнага органа, якое суправаджалася гвалтам ці пагрозай прымянення гвалту) і ч. 2 арт. 127 КК (катаванні, учыненыя паводле папярэдняй змовы групай асоб). Аб выніках расследавання гэтай крымінальнай справы Генпракуратура Беларусі пакуль не інфармаваная.

"Калі ў дачыненні да Палітыкі сапраўды ўжываліся недазволеныя метады расследавання, то ён мог агаварыць сябе, даць тыя паказанні, якія былі патрэбныя асобам, што арганізавалі гэтую акцыю", — адзначаецца ў паведамленні Генпракуратуры Беларусі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН