Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/05/936825_936826/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:49
05.01.2018 18:29 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка распарадзіўся прафінансаваць адпачынак больш як 150 сірыйскіх дзяцей у "Зубронку"

Мінск, 5 студзеня. Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, якім прадугледжана выдзяленне фінансавых сродкаў для арганізацыі ў студзені 2018 года адпачынку і аздараўлення 153 дзяцей з Сірыі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубронак".

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, праграмай знаходжання прадугледжваецца аказанне дзецям санаторна-аздараўленчых паслуг, а таксама правядзенне для іх экскурсійна-культурных мерапрыемстваў у Мінску і рэгіёнах краіны.

Як раней паведамляў БелаПАН, 28 жніўня ў Мінску на сустрэчы з міністрам сацыяльных пытанняў і працы Сірыі Рымай аль-Кадэры Лукашэнка прапанаваў распрацаваць праграму адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей з Сірыі ў Беларусі.

"Я прапаноўваю ўжо цяпер на наступны год падумаць аб праграме падтрымкі дзетак з Сірыі ў Беларусі. Можа, гэта будзе сотня, можа, пяцьсот чалавек, можа, тысяча. Галоўнае, каб мы загадзя спланавалі і змаглі запрасіць вашых дзетак для адпачынку, аздараўлення, а потым, магчыма, і для вучобы ў Беларусі", — сказаў Лукашэнка.

На сустрэчы прысутнічалі сірыйскія дзеці, якія два тыдні адпачывалі ў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы ўручыў ім падарункі і пацікавіўся, ці спадабалася ім. "Нехта з вас сказаў, што не хоча з Беларусі з'язджаць і марыць, каб пайшоў моцны снег і самалёт не ўзляцеў. Нам снег цяпер не патрэбны, але вы можаце заставацца ў Беларусі. Мы вас чакаем у любы час разам з вашымі сябрамі. Вы ім перадайце, што ў Беларусі іх заўсёды з вялікай любоўю будуць прымаць", — сказаў Лукашэнка.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239