Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/07/936789_110022/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 00:42
07.01.2018 11:40 Грамадства

Новы аўтобусны маршрут звяжа мінскі вакзал і Рэспубліканскі клінічны медцэнтр ў Ждановічах

Мінск, 7 студзеня. У Мінску будзе адкрыты новы аўтобусны маршрут, які звяжа чыгуначны вакзал і Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр (РКМЦ) у Ждановічах, паведамілі ў дзяржаўнай установе "Сталічны транспарт і сувязь".

Гарадскі аўтобус № 190э па маршруце вакзал — РКМЦ пачне хадзіць 11 студзеня па буднях і суботах па вуліцах Бабруйскай, К.Цэткін, Ціміразева, аўтадарозе Р28, вуліцы Паркавай, мясцовым праездзе да РКМЦ. Назад аўтобус будзе рухацца па мясцовым праездзе, вуліцы Паркавай, праспекце Пераможцаў, МКАД, аўтадарозе Р28, вуліцах Ціміразева, К.Цэткін, праспекце Незалежнасці, вуліцах Свярдлова, Кірава і Бабруйскай.

Як паведамлялася раней, новы медцэнтр ў Ждановічах пабудаваны ўзамен Рэспубліканскага клінічнага цэнтра ў Мінску. На нарадзе 7 снежня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб у новым медцэнтры абслугоўваліся не толькі дзяржслужачыя, але і звычайныя грамадзяне. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што раней у Мінску задумвалася "будаўніцтва велізарнай бальніцы", кошт якой "вагаўся ад 300 да 500 млн еўра ў залежнасці ад абсталявання". Аднак замест гэтага было вырашана "пабудаваць меншую бальніцу", паралельна перадаўшы ў падначаленне сталіцы РКМЦ Кіраўніцтва справамі прэзідэнта з абсталяваннем.

"Мы, пабудаваўшы кампактны, невялікі медыцынскі цэнтр, сэканомілі прыблізна 400 млн еўра, — заявіў Лукашэнка. — Мною было прынятае рашэнне пабудаваць меншую бальніцу, а гэтую велізарную (РКМЦ. — БелаПАН.) перадаць гораду з усім абсталяваннем, персаналам. Не ўтаю: была пастаўленая задача на базе гэтага цэнтра стварыць суперсучасную бальніцу, дзе будуць адпрацоўвацца найноўшыя тэхналогіі. абслугоўвацца там будзе тры-чатыры тысячы дзяржслужачых, астатнія — звычайныя грамадзяне, людзі, якія з савецкіх часоў знаходзяцца на ўліку, якія заслужылі абслугоўвацца ў такім цэнтры. Так ва ўсіх дзяржавах прынята".

"Калі цябе не задавальняе абслугоўванне ў нейкай мінскай бальніцы, ты можаш прыйсці, заплаціць грошы — бо не па месцы будзеш абслугоўвацца — і абслужыцца тут. Што, у нас мала багатых людзей, якія сёння гатовыя заплаціць грошы і правесці нейкія даследаванні, каб усталяваць дакладны дыягназ?" — дадаў ён.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН